Мужчынам быць — радзіме служыць

Актуальное

Максимов Кир (Small)Мы, Кірыл Максімаў і Аляксей Гардзевіч, курсанты ваенна-тэхнічнага факультэта Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта.
Пазнаёміліся, калі праходзілі медкамісію. Аляксей, як і я, падаў заяву ў райваенкамат на паступленне ў БНТУ, толькі я выбраў “фінансавае забеспячэнне і эканоміка баявой і гаспадарчай дзейнасці войскаў; эканоміка і кіраванне на прадпрыемстве”, а ён — “эксплуатацыя і рамонт бронетанкавага ўзбраення і тэхнікі”.
Падружыліся, разам ездзілі на субяседаванне, прайшлі папярэдні і прафесійны адбор і былі залічаны курсантамі ваенна-тэхнічнага факультэта БНТУ.
І вось 30 чэрвеня. Пастраенне ля факультэта, пераклічка, каманда садзіцца ў аўтобусы — і ўжо едзем за горад у вайсковую часць праходзіць курс маладога байца. Адразу акунуліся ў армейскае жыццё: страявая, спартыўная і баявая падрыхтоўка, абед па раскладзе. Камандзіры строгія, але справядлівыя.
Спачатку цяжка было перастройвацца пасля дамашняй абстаноўкі, мы вытрымалі першыя вайсковы выпрабаванні, месяц прамільгнуў як адзін дзень.
І ўжо 31 жніўня прынялі прысягу, размясціліся ў інтэрнаце — і з галавой у адукацыйны працэс.
Жывуць курсанты ўсіх курсаў у інтэрнаце гасцінічнага тыпу па 3-4 чалавекі ў пакоі. Харчовае забеспячэнне ў залежнасці ад паспяховасці па дысцыплінах складае ад 1,6 да 2 млн. руб.
Прайшло ўжо амаль 5 вучэбных месяцаў, і мы з упэўненасцю можам сказаць, што не расчараваліся ў сваім выбары. Навучанне праходзіць цікава, заняткі праводзяцца з выкарыстаннем сучасных камп’ютарных тэхналогій, узораў узбраення і ваеннай тэхнікі, трэнажораў, вучэбна-трэніровачных комплексаў.
З курсантамі, якія навучаюцца па спецыяльнасцях “тэхнічная эксплуатацыя аўтамабіляў”, “пад’ёмна-транспартныя, будаўнічыя, дарожныя машыны і абсталяванне”, “многамэтавыя гусенічныя і калёсныя машыны” праводзіцца падрыхтоўка для атрымання катэгорый “В” і “С”. Ёсць магчымасць на 3-ім курсе атрымаць і другую вышэйшую адукацыю.
У вольны час нам некалі сумаваць. На выхадныя і святочныя дні арганізуюцца экскурсіі па гістарычных і памятных месцах Беларусі, наведванні тэатраў, музеяў, выставак. Важнае месца займае спорт. На факультэце шмат спартыўных секцый, дзе можна займацца армрэстлінгам, гіравым спортам, боксам, барацьбой, лёгкай атлетыкай, гульнявымі відамі.
Мы з упэўненасцю глядзім у будучыню, бо нам гарантавана першае месца службы.
Зусім не шмат часу засталося да заканчэння чарговага навучальнага года. Калі вас, паважаныя выпускнікі, зацікавіла навучанне на ваенна-тэхнічным факультэце БНТУ, звяртайцеся ў раённы ваенкамат за інфармацыяй пра правілы паступлення ці непасрэдна ва ўніверсітэт: 220013, г. Мінск, пр-т Незалежнасці, 65; тэл. 292-38-42 (прыёмная камісія), 292-42-41 (начальнік факультэта).

Кірыл Максімаў, Аляксей Гардзевіч, курсанты 1 курса ВТУ БНТУ.OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *