Маладзёжная ініцыятыва

Власть и общество

IMG_8784 (Small)Праект Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі «100 ідэй для Беларусі» накіраваны на стварэнне і падтрымку перспектыўных навукова-тэхнічных распрацовак. Гэта ўнікальная магчымасць прадэманстраваць сваю маладзёжную энергію і ініцыятыву, талент і творчы патэнцыял для таго, каб наша Беларусь стала больш прыгожай і паспяховай.
Рэгіянальная выстава-прэзентацыя гэтага праекта прайшла 10 снежня на базе цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі г. Браслава. Сярод запрошаных гасцей былі намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Антаніна Абалевіч, дырэктар ЦДМ Ірына Угарэнка, метадыст вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму Кацярына Сайкоўская, рэгіянальныя прадстаўнікі, аўтары праектаў і іх кіраўнікі.
У сваім прывітальным слове першы сакратар раённага камітэта БРСМ Марыя Сяліцкая адзначыла, што праектаў і задум у сучаснай моладзі многа, і ад яе залежыць будучыня нашай краіны. Таксама яна выказала спадзяванні, што прадстаўленыя на выставе ініцыятывы знойдуць прымяненне ў жыцці і будуць працаваць на карысць грамадству.
Удзельнікі прэзентацыі заслухалі дзесяць праектаў сацыяльна-патрыятычнага накірунку з трох раёнаў Віцебскай вобласці — Браслаўскага, Глыбоцкага і Шаркаўшчынскага.
Сярод іх «Мая Радзіма, мой дом, мая Браслаўшчына», «Парк «Бяльмонт» — багатая спадчына малой Радзімы», «Прыгожая школа — прыгожая краіна», «Сонечнаму міру — 70», сайты «Дзень беларускага пісьменства» і «Віртуальны тур па музеях Глыбоччыны», «Пазітыўныя дарогі», «Старому парку — новае жыццё».
А на абласным узроўні Браслаўскі раён будуць прадстаўляць два праекты гімназістаў. Першы — «Гістарычны арнамент роднага краю», у якім прапануецца ў населеных пунктах ўстанавіць інфармацыйныя табло з указаннем культурна-гістарычных звестак пра пэўную мясцовасць.
У аснове другога праекта «Мы ў свеце без межаў» ляжыць стварэнне на базе гімназіі музея па супрацоўніцтве паміж гарадамі-партнёрамі і гарадамі-пабрацімамі, з якімі падпісаны пагадненні.
Безумоўна, любоў да радзімы можна выразіць па-рознаму: з дапамогай слоў і ўчынкаў, а іншы раз — слушных парад і прапаноў, як гэта робяць аўтары праекта «100 ідэй для Беларусі». Прадстаўленыя работы сведчаць пра імкненне моладзі прымаць актыўны ўдзел у сацыяльна-эканамічным жыцці краіны і рэгіёну.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *