IMG_8491 (Small)

Крыніца актуальнай інфармацыі

Актуальное

IMG_8491 (Small)Чытанне кніг — справа цікавая і патрэбная, чытанне газет — неабходная. Такое маё асабістае меркаванне, думаю, падтрымаюць многія. Вельмі прыемна, што і ў нашай раённай газеты ёсць пастаянныя чытачы, якія не развітваюцца з «Браслаўскай звяздой» шмат гадоў. Адны з іх — сям’я Валянціны і Леаніда Ліновых.
— З раённай газетай знаёмства пачалося яшчэ ў канцы 50-х гадоў, — дзеліцца сваімі ўспамінамі Леанід Аляксандравіч, — калі працаваў дырэктарам школы ў Мілашках і сакратаром партарганізацыі ў тагачасным калгасе імя А.С. Пушкіна. З таго часу наша сям’я выпісвае яе рэгулярна, прачытваем ад першай старонкі да апошняй. Асабліва для нас, людзей сталага узросту, раёнка з’яўляецца крыніцай інфармацыі пра ўсё самае актуальнае, што адбываецца на Браслаўшчыне, пра дзейнасць мясцовых органаў улады, калектывы сельскагаспадарчых арганізацый, прамысловых прадпрыемстваў, устаноў сацыяльнай сферы, прадпрымальніцтва.
На кожным этапе свайго жыцця, адзначае Л. Ліноў, знаходзіў на старонках газеты новыя і цікавыя матэрыялы. Так, у 60-ыя гады газета ўдзяляла шмат увагі патрыятычнаму выхаванню насельніцтва. Можна сказаць, што раёнка з’явілася арганізатарам стварэння краязнаўчага музея ў браслаўскай школе, які потым стаў асноўнай часткай раённага.
На старонках газеты таго перыяду можна знайсці матэрыялы, у якіх адлюстроўваліся вынікі сацыялістычных спаборніцтваў сярод працаўнікоў сяла і горада.
У 70-ыя і 80-ыя гады ў большым аб’ёме з’яўляюцца артыкулы, накіраваныя на выхаванне школьнікаў, падрыхтоўку іх да працы і жыцця, пра работу вучнёўскіх звёнаў і брыгад.
Шырока і поўна адлюстроўваецца ў раёнцы падрыхтоўка і правядзенне сёння ўжо міжнароднага фестывалю «Браслаўскія зарніцы».
Як нагадвае Леанід Аляксандравіч, яму самому вельмі часта прыходзілася друкаваць у раёнцы нарысы пра асаблівасці прыроды нашага краю, яго клімату.
«Разам з часам мяняўся змест, структура і характар «Браслаўскай звязды», — падкрэслівае чытач. — Рэгулярна чытаю матэрыялы пад рубрыкай «Чалавек і яго справа» – пра браслаўчан, якія сваімі працоўнымі дасягненнямі, творчасцю ўносяць годны ўклад у скарбонку поспехаў раёна. Не забываюць журналісты і пра маладых спецыялістаў, пра іх вольны час. Але хочацца, каб маладзёжнай тэматыцы ўдзялялася яшчэ больш увагі».
— Лічу, — працягвае гаворку А. Ліноў, — што разнастайнай газету робяць такія новыя рубрыкі, як «Прамая лінія», «Зваротная зувязь», «Навіны адным абзацам». Цікавая падача забаўляльна-пазнавальных матэрыялаў на старонцы «Суботнім вечарам». Гэта сведчыць пра тое, што ў складзе рэдакцыі працуюць маладыя спецыялісты з новымі поглядамі на жыццё. Раёнка стала большай па аб’ёме, безумоўна, гэта ідзе толькі на карысць чытачам.
Напрыканцы сустрэчы Леанід Аляксандравіч пажадаў калектыву рэдакцыі знаходзіць разнастайныя злабадзённыя матэрыялы, каб газета далей заставалася цікавай і шматпланавай.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.