Конкурс песень пад гітару прайшоў на ўра

Власть и общество

IMG_8868 (Small)Мора пазітыўнасці і радасці падарылі гледачам арганізатары і ўдзельнікі музычнага конкурсу песні пад гітару «Я спяваю…», прысвечанага 60-годдзю аўтара і кампазітара Андрэя Макарэвіча.
Канкурсанты выконвалі па дзве песні, адну — з рэпертуара А. Макарэвіча або
«Машины времени», другая была на выбар спевака. Таксама ўдзельнікі маглі запрасіць на сцэну памочнікаў, але не больш чым пяць чалавек. Музычныя кампазіцыі ацэньвала кампетэнтнае журы.
Гледачоў і балельшчыкаў сабралася поўная зала РДК. Гэта, несумненна, сведчыць пра тое, што гітарная музыка вельмі папулярна і заўсёды знаходзіць слухачоў.
Першым на зацененай сцэне з’явіўся Вартавы часу, які пад ціканне гадзінніка ўласным і крыху скрыпучым голасам нагадаў прысутным пра вечнага падарожніка — яго вялікасць Час. Потым прыгадаў, што многа гадоў таму назад з’явіўся чалавек, які кінуў выклік Часу і стварыў «Машину времени «, а сам стаў яе нязменным механікам.
Свае вакальныя і музычныя даныя на суд журы і гледачоў прадставілі адзінаццаць канкурсантаў. Самы малодшы з іх Улад Міцкевіч — вучань 10 класа гімназіі. Была сярод ўдзельнікаў і адзіная дзяўчына Надзея Кадакова. Усе яны да свайго выступлення падышлі сур’ёзна і паказалі сапраўды высокі ўзровень. Таму членам журы было вельмі складана вызначыць лепшых.
Тым не менш у конкурсе павінны быць пераможцы. І яны, несумненна, вызначыліся. Першае месца, грашовую прэмію і права выступіць на рок-фестывалі «Жывое неба Браслава» атрымаў Міхаіл Героеў. На другім месцы — Яўген Нагманаў, а трэцяе дасталося Валянціну Саўлю. Яны атрымалі каштоўныя падарункі ад спонсараў конкурсу.
Яскравым было выступленне і браслаўскай кавер-групы «СИ-4», у скад якой уваходзяць Вячаслаў Скавырка, Сяргей Садоўскі, Мікалай Сцяпанаў і Міхаіл Каламыцаў. Менавіта яны сталі ініцыятарамі і спонсарамі гэтага цудоўнага музычнага відовішча.
Хочацца спадзявацца толькі на тое, што такія мерапрыемствы будуць праходзіць і ў далейшым. І мы будзем мець магчымасць пачуць любімыя песні ў выкананні сваіх знаёмых і блізкіх.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *