IMG_8891 (Small)

Канцэрт юных баяністаў

Актуальное

IMG_8891 (Small)Сёлета спаўняецца пяць гадоў з моманту прысваення аркестру баяністаў Браслаўскай дзіцячай школы мастацтваў звання ўзорнага. Такі юбілей вырашана было адзначыць невялікім юбілейным канцэртам, з якім юныя музыканты завіталі 18 снежня ў гімназію.
Аркестр у 2008 годзе заняў 3 месца ў вобласці сярод аркестровых калектываў дзіцячых школ мастацтваў, у 2013 годзе – другое месца сярод узорных калектываў. Юныя баяністы прымаюць таксама ўдзел у рэспубліканскіх, міжнародных, абласных конкурсах і вяртаюцца адтуль з узнагародамі.
Ансамбль у перакладзе з французскай мовы азначае “разам”. Вось і выхаванцы творчага педагога, прафесіянала сваёй справы Ірыны Бялусь разам іграюць, спяваюць.
Сама ж Ірына Аляксандраўна заўсёды знаходзіцца ў творчым пошуку, не баіцца эксперыментаваць. З удзельнікаў аркестра стварае ансамблі, сама піша цудоўныя партытуры. А потым свае задумкі разам з выхаванцамі ўвасабляе ў музычныя творы. Вось і ў час канцэрта ў гімназіі слухачы маглі пачуць у выкананні калектыву цудоўную інструментальную музыку. Аркестранты выканалі “Арганную прэлюдыю” І. Баха, “Песеньку пра капітана” І. Дунаеўскага. Парадаваў сваім выступленнем дуэт братоў-блізнят Міхаіла і Сцяпана Александровічаў. Спадабалася слухачам і выступленне трыа ў складзе Аляксея Сергуна, Дзяніса Ясіновіча і Уладзіслава Бурлачука.
Прыйшлі павіншаваць свой калектыў з першым юбілеем былыя выпускнікі школы мастацтваў і выхаванцы Ірыны Бялусь, якія ў 2008 годзе дапамаглі аркестру атрымаць званне ўзорнага. Гэта Ілля Ліхадзееў, Надзея Марковіч, Віктар Гасюль, Уладзіслаў Міткевіч, Ілля Марозаў, якія пажадалі новых творчых поспехаў, цудоўных музычных п’ес.
Канцэрт прайшоў на ўра. Юныя музыканты пачулі ў свой адрас шмат цёплых слоў і бурных апладысментаў.

Тэкст і фота Зінаіды Палулех.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.