OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Камфорт у дамах з дапамогай камунальнікаў

Актуальное

OLYMPUS DIGITAL CAMERAЯк сведчыць статыстыка, найбольш зваротаў грамадзян у розныя інстанцыі датычыцца дзейнасці жыллёва-камунальных службаў. І гэта зразумела, бо менавіта з камунальнікамі звязаны шматлікія абставіны камфортнасці нашага паўсядзённага жыцця-быцця. Між тым скаргі часам бываюць зусім нічым не абгрунтаванымі. Напрыклад, начальнік участка жыллёвага фонду ДП «Браслаў-камунальнік» Леанід Савіцкі прыгадаў некалькі выпадкаў, калі за праведзены рамонт унутрыкватэрнага сантэхнічнага абсталявання гаспадары кватэры адмаўляліся разлічвацца. Маўляў, плацім за тэхнічнае абслугоўванне, што ж вам яшчэ трэба. Але ж камунальнікі абавязаны сачыць за належным станам канструктыўных элементаў жылога дома, напрыклад, дахам, пад’ездамі і іншымі дапаможнымі памяшканнямі, агульнымі інжынернымі сеткамі — вадаправодам, каналізацыяй, цэнтральнай сістэмай ацяплення; тэрыторыяй каля дома. Усё ж іншае, што тычыцца рамонту ў кватэры, уласнікі жылых памяшканняў ці наймальнікі павінны рабіць за свой кошт. І гэта не нейкая ведамасная выдумка. Такія правілы рэгламентаваны пастановай Саўміна ад 21 мая 2013 г. № 399.
Сёння «Браслаў-камунальнік» прапануе вельмі шырокі спектр платных паслуг. Можна зрабіць заяўку на замену ў кватэры электраправодкі, люстраў, разетак, вадаправоднай сістэмы і каналізацыі, на падключэнне і прачыстку воданагравальнікаў. Добра ўжо вядомыя браслаўчанам рытуальныя паслугі, ёсць у арганізацыі і пячнік. Прыватны сектар можа заказаць тут пашчапаць ці папілаваць дровы, пакасіць газон.
А каля двух гадоў таму назад пачалі браслаўскія камунальнікі займацца і рамонтам дамоў і кватэр грамадзян, пакуль, праўда, толькі ў горадзе, але плануюць выконваць заказы і на сяле.
Тры брыгады ўчастка жыллёвага фонду могуць выканаць практычна ўсе рамонтныя работы — малярныя, штукатурна-абліцовачныя, шпалерныя, цяслярскія.
За непрацяглы час, што працуюць аддзелачнікі ЖКГ, давялося пачуць нямала добрых водгукаў браслаўчан пра якасць іх работы. Задавальняюць многіх гараджан і цэны на паслугі.
Забяспечвае іх работай і кантралюе яе выкананне майстар участка жылфонду Таццяна Сініца (на здымку) — малады спецыяліст.
Толькі ў гэтым годзе яна закончыла Лепельскі аграрна-тэхнічны каледж па спецыяльнасці тэхнік-будаўнік, таму ў ЖКХ — гэта пачатак яе працоўнай дзейнасці.
Таццяна ўспамінае першы даручаны ёй аб’ект — рамонт дома службовага жылля — і кажа, што першы блін быў, як заўжды, камяком. Трэба было выканаць вялізны аб’ём работ і ў сціслыя тэрміны, якія, безумоўна, праваліла. Былі і слёзы, але набыла вопыт і загартавалася. Да таго ж і наймальнік жылля з паразуменнем аднёсся да маладога спецыяліста, а ў канчатковым выніку не выказаў прэтэнзій да якасці работ.
Нягледзячы на непрацяглы час працы ў «Браслаў-камунальніку», Таццяна паспела ўжо заваяваць павагу кіраўніцтва. Начальнік участка Леанід Савіцкі і галоўны інжынер Алег Ляскоўскі кажуць, што маладая дзяўчына вылучаецца не толькі выканаўчай дысцыплінай і добрасумленнасцю, але і баявітасцю, напорыстасцю.
Працоўнае месца Таццяну задавальняе, дарэчы, як і зарплапта, лічыць, што маладому спецыялісту дастаткова. Паступіла завочна адразу на 2-гі курс Полацкага дзяржуніверсітэта на факультэт прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва, таму вольнага часу мала. Да таго ж дапамагае сястры даглядаць маленькіх дзетак — у яе сям’і нядаўна нарадзіліся двайняты А калі выпадае вольная хвіліна, любіць з сяброўкай пагуляць па свежым паветры, але ўсё ж больш зносін, як і ў многіх маладых, праз інтэрнэт — на жаль.

Казімір Пятушка.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.