Фестываль прафесійнага майстэрства

Актуальное

IMG_7140 (Small)Быць кампетэнтным, творчым, адказным, добрым, клапатлівым… Гэтымі якасцямі, так лічаць дзеці, у поўнай меры павінен валодаць педагог-арганізатар. І не выпадкова, бо менавіта ён з’яўляецца ланцужком паміж школай і вучнямі, можа арганізаваць іх на добрыя справы, удзел у мерапрыемствах, ад яго залежыць, ці будзе цікавым пазаўрочнае школьнае жыццё.
Кожны педагог-арганізатар устаноў адукацыі нашага раёна можа ганарыцца сваёй работай і напрацоўкамі. Многія з іх лічацца прафесіяналамі сваёй справы. Таму цэнтр дзяцей і моладзі на базе сваёй установы вырашыў правесці фестываль прафесійнага майстэрства педагогаў-арганізатараў, каб яны падзяліліся вопытам работы з дзіцячымі грамадскімі аб’яднаннямі. Такое мерапрыемства ў раёне праходзіла ўпершыню і стала па-сапраўднаму святам. І не выпадкова, бо дзе яшчэ ўбачыш столькі актыўных і таленавітых людзей.
Напачатку кожны з прысутных мог пазнаёміцца з выставай. Куратар па рабоце з педагогамі-арганізатарамі ад цэнтра дзяцей і моладзі Дзіяна Тарун сабрала тут лепшыя напрацоўкі па правядзенні мерапрыемстваў, сцэнарыі, планы і праекты. Такім чынам атрымаўся своеасаблівы банк даных, дзе кожны педагог мог узяць сабе ідэю, каб потым увасобіць яе ў жыццё у сваёй школе, ці пазнаёміцца з ужо гатовымі сцэнарыямі і іх аўтарамі для далейшага супрацоўніцтва. Асаблівае ж месца на выставе заняў летапіс піянерскай дружыны імя С. Нарбута (гімназія). Нядаўна ён заняў першае месца ў вобласці ў намінацыі “Піянеры 21 стагоддзя”, чым гімназісты ганарацца асабліва.
Педагог-арганізатар – гэта адначасова акцёр, танцор і спецыяліст у любой галіне. Таму, як зазначыў падчас прывітальнага слова начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Іван Абаровіч, знайсці добрага спецыяліста на такую пасаду вельмі складана. Гэты чалавек павінен працаваць днём і вечарам, у выхадныя дні, адным словам, аддаваць увесь свой вольны час дзецям. І асабліва прыемна, што ў раёне ўжо ёсць цэлая плеяда выдатных педагогаў-арганізатараў.
Упэўніцца ў гэтым была магчымасць падчас канцэрта. Шэсць лепшых спецыялістаў прадэманстравалі свае таленты, майстэрства і індывідуальнасць, а дапамагалі ім іх вучні. Так, педагог-арганізатар з Кансталінскай школы Ірына Зуева, якая ўжо 11 гадоў на гэтай пасадзе, праз гульню-падарожжа падзялілася вопытам работы з самымі маленькімі вучнямі – акцябратамі. Малады, але вопытны педагог СШ №2 Інэса Лабэцкая ў мультымедыйнай форме расказала пра арганізацыю гульнявых перамен з малодшымі школьнікамі. А вось Людміла Бяляўская з СШ№1 паказала, як вучыць піянерскі актыў сваёй школы. Вопытам па арганізацыі дзіцячага і моладзевага руху “Краіна дзяцінства” падзялілася і Алена Радзевіч з Дрысвяцкай школы. Вандроўку на цягніку па складальніках піянерскага выхавання правяла Іна Шавец з гімназіі, а на карабель “Ветразь”, які называецца таксама, як і школьнае дзіцячае аб’яднанне, запрасіла Сняжана Астапковіч з Урбанскай школы.
Фестываль атрымаўся цікавым і карысным. Ад аддзела адукацыі, спорту і турызму, а таксама цэнтра дзяцей і моладзі яго ўдзельнікі атрымалі падзячныя лісты як прызнанне свайго майстэрства. А Людміла Бяляўская, Тэрэса Міцкевіч, Людміла Хілько і Ірына Зуева сталі ўладальнікамі сертыфікатаў, якія пацвярджаюць той факт, што яны з’яўляюцца кансультантамі па розных накірунках работы з дзецьмі. Такімі педагогамі могуць ганарыцца ўстановы адукацыі раёна. Вопыт і адданасць працы кожнага з іх заслугоўвае пахвалы.

Таццяна Пятушка.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *