Добры паштальён і ветлівая жанчына

Люди

IMG_0692 (Small)Раніцай, як толькі адчыняецца аддзяленне паштовай сувязі ў агр. Далёкія, пачынаецца працоўны дзень і ў Ганны Ходзюш. Жанчына складвае свежую прэсу і тавары ў вялікую сумку і адпраўляецца ў шлях. Яна паштальён, і з цяжкай ношай на плячы ў снег ці дождж, ці моцны вецер разносіць па дамах газеты і часопісы, а часам і такія чаканыя весткі ад родных – пісьмы.
– Кожную раніцу спяшаюся да вяскоўцаў. Ведаю, што яны з нецярпеннем чакаюць свежы нумар газеты ці паштоўку ад родных, – расказвае пра сваю работу Ганна Геронімаўна. – У маім падначаленні агр. Далёкія і 7 вёсак , усе яны на вялікай адлегласці адна ад другой. Толькі за дзень пераадольваю больш за 20 кіламетраў, а за ўвесь час працы пройдзена не адна сотня. Але ж для мяне работа ў радасць, падабаецца справа, якой займаюся, прыемна адчуваць, што цябе чакаюць.
Пасля школы Ганна атрымала прафесію повара і марыла працаваць на кухні. Але выйшла замуж і пераехала на радзіму мужа ў Далёкія, а тут месца па спецыяльнасці не знайшлося. Так і трапіла жанчына ў паштальёны, і вось ужо 13 гадоў дзень за днём збірае яна сумку і адпраўляецца да сваіх падпісчыкаў.
– Сярод шматлікіх часопісаў, газет і пісьмаў, якія кожны дзень дастаўляю чытачу, пачэснае месца займае і “раёнка”, гэта самае папулярнае ў вяскоўцаў выданне. Выпісваюць таксама рэспубліканскія і абласныя газеты. А я ў сваю чаргу не забываю ім пра гэта нагадваць. А яшчэ папулярнасцю карыстаецца дастаўка тавараў на дом. Не кожны можа дабрацца да аддзялення ў Далёкіх, таму просяць мяне ці тэлефануюць на пошту і робяць заказ. Толькі ў лістападзе прадала тавараў больш як на 10 млн. рублёў.
У невялікіх населеных пунктах, дзе толькі некалькі дамоў, і жывуць у іх у асноўным пенсіянеры, часам, акрамя тэлевізара, паштальён Г. Ходзюш – адзіная крыніца інфармацыі пра навакольнае жыццё. Яна раскажа пра навіны ў суседніх вёсках, спытае, якія тавары неабходны, і проста праявіць чалавечую ўвагу, спытаецца, пра здароўе і пагутарыць.
– На жаль, не заўсёды атрымліваецца адвесці чалавеку дастатковую колькасць часу, выслухаць яго, — гаворыць Ганна. — Паколькі трэба ісці далей, дзе таксама чакаюць паштальёна. I калі я кажу сваім кліентам, прабачце, я спяшаюся, яны не крыўдзяцца. Ведаюць, што ў іншы раз абавязкова знайду хвіліну, каб іх выслухаць, пагутарыць.
Заўсёды жанчына прыходзіць да кліентаў з добрым настроем і жаданнем адгукацца на любую іх просьбу, бо ведае, як ты да людзей, так і яны да цябе. Не выпадкова, што ў 2012 годзе Ганна Ходзюш атрымала Ганаровую грамату райвыканкама за шматгадовую і добрасумленную працу. Яна яе сапраўды заслугоўвае.

Таццяна Пятушка.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *