Дабрачынны ранішнік

Актуальное

IMG_9013 (Small)У перадапошні дзень 2013 года ў раённым Доме культуры прайшоў дабрачынны ранішнік для дзяцей-інвалідаў і сірот. Ладзілі яго сумесна раённае аддзяленне грамадскай арганізацыі “Беларускі дзіцячы фонд”, РДК, аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Больш за 70 хлопчыкаў і дзяўчынак скарысталіся выдатнай магчымасцю цікава адпачыць і атрымаць зарад станоўчых эмоцый.
На свята завіталі і афіцыйныя асобы – старшыня райвыканкама Сяргей Шматаў і яго намеснік Іна Лысенка. У сваім прывітальным слове кіраўнік раёна павіншаваў дзяцей і іх бацькоў са святамі, як прайшоўшымі, так і надыходзячымі, і пажадаў, нягледзячы на надвор’е, добрага настрою. “Хай усе цяжкасці застануцца ў мінулым годзе, а наперадзе вас чакаюць толькі радасць, новыя сябры і здзяйсненні” – сказаў ён. Дзеці, у сваю чаргу, падзякавалі Сяргею Шматаву за клопат і ўвагу да маладых пакаленняў і ўручылі яму падарунак – самаробнае пано.
Увогуле святочнае мерапрыемства праходзіла яскрава і дынамічна. Героі вядомага мультфільму “Маша і мядзведзь”, Дзед Мароз і Снягурачка больш за гадзіну гулялі з дзецьмі. Малыя з задавальненнем удзельнічалі ў конкурсах, спявалі і танцавалі, радавалі дзядулю Мароза загадзя падрыхтаванымі вершамі. У выніку ўсе дзеткі пайшлі дамоў у добрым настроі і з падарункамі, набыццё якіх праспансіраваў Беларускі дзіцячы фонд. Аднак галоўным падарункам арганізатараў сталі дзіцячыя ўсмешкі, ад якіх веяла шчырасцю і дабрынёй.

Вячаслаў Каладынскі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *