Чужая вайна

Люди

IMG_7335 (Small)Шмат вады сплыло з таго часу, калі апошні салдат пакінуў палаючую тэрыторыю Афганістана. Паціху зацягнуліся раны, узмужнелі, пасталелі салдаты і афіцэры. Толькі памяць пра далёкую і чужую вайну жыве і сцерці яе падзеі не змогуць ні гады, ні адлегласць.
Павестку ў ваенкамат юнак Юрый Кухаронак атрымаў восенню 1987 года. Хлопец толькі што закончыў Відзаўскае СПТВ і працаваў у тагачасным калгасе «Беларусія» ва Урбанах.
У 80-ыя гады мінулага стагоддзя выразу «служыць — пачэсны абавязак кожнага» надавалася асаблівае значэнне, і павестка была «лакмусавай паперкай» на мужчынскую годнасць.
Высокі, статны Юрый разам з дзесяццю такімі ж браслаўскімі хлопцамі трапіў у пагранвайскі. Тры месяцы «вучэбкі» ў Таджыкістане паблізу афганскай мяжы навучылі навабранца добра валодаць гранатамётам.
— Размовы пра тое, дзе будзем служыць далей, не было, — успамінае Юрый Мечыслававіч. — Але ўсе добра разумелі, што нас чакае Афганістан.
І вось радавога стралка-гранатамётчыка Ю. Кухарэнку даставілі на верталёце на «кропку» — у Паўночную правінцыю Афганістана.
Паколькі пагранвайскі падпарадкоўваліся КДБ і ўдзел іх у гэтай вайне замоўчваўся, сапраўднага адрасу сваім блізкім хлопец сказаць не мог. Таму бацькі і яго любая дзяўчына да заканчэння службы ў ДРА не ведалі, дзе ён знаходзіцца. А лісты родных спачатку ішлі ў Кулябскую вобласць, а толькі потым да адрасата і наадварот.
Месца службы ўяўляла з сябе даволі вялікую пляцоўку, дзе размяшчалася 50 чалавек, і куды дабрацца можна толькі на верталёце. Асноўная баявая задача, якая стаяла перад мотаманеўровай групай, — падтрымка вываду савецкіх войскаў, за што Юрый Кухаронак быў ўзнагароджаны медалём «За баявыя заслугі». Безумоўна, трэба было ахоўваць і саміх сябе, і бліжэйшыя кішлакі.
Падраздзяленне, у якім давялося служыць Юрыю, жыло аўтаномна. Салдаты самі гатавалі сабе ежу, пяклі хлеб, сачылі за генератарамі падачы святла. А ўсё неабходнае дастаўлялася на верталётах, нават дровы для лазні. Саму ж лазеньку хлопцы збудавалі з драблёных скальных парод, а ваду для яе бралі з вялікага, метраў у 40 вадаспада.
Здавалася б, высокія горы, цудоўныя вадаспады, чыстае паветра… Але ж гэта была вайна. І ў якой бы прыгожай мясцовасці яна ні ішла, нясла з сабой жах і смерць.
Па словах былога афганца, адносіны з мясцовымі жыхарамі былі складаныя. З аднаго боку, яны прыходзілі за дапамогай да нашых салдат, з другога — маглі пусціць кулю ў спіну, толькі зазявайся.
Найбольшая небяспека чакала, калі група выходзіла на баявое заданне. Вакол непрыветлівыя горы, вузкія сцяжынкі і з-за кожнага горнага ўступу магла чакаць смерць. Не ведаючы, з чым прыйдзецца сутыкнуцца падчас ваеннай аперацыі, боепрыпасаў хлопцы бралі болей, чым сухпайка.
— Гэта толькі адпачываць у гарах прыемна, — дзеліцца перажытым Юрый Мечыслававіч. — А калі столькі дзён і начэй вочы ўпіраюцца ў безжыццёвы камень, марыш пра шырокія лугі і зялёныя лясы.
На тэрыторыю Савецкага Саюза Ю. Кухаронак ступіў 14 лютага 1989 года, за дзень да афіцыйнага вываду савецкіх войскаў. Далей служба прадоўжылася ў Таджыкістане на пагранзаставе. Зноў палаткі, зямлянкі і стрэлы з боку афганскай мяжы — і так да восені.
— За гады службы драўлянай падлогі не бачыў, — смяецца Юрый Мечыслававіч.
Шырокімі прасторамі сустрэла Радзіма звольненага ў запас радавога Ю. Кухаронака. З заміраннем сэрца і слязьмі на вачах ступіў юнак на беларускую зямлю. Не адразу прызвычаіўся да мірнага жыцця, трэба было начны біялагічны гадзіннік перавесці на дзённы.
Але твары родных і блізкіх, падтрымка любай дзяўчыны, якая дачакалася свайго салдата, дапамаглі адаптавацца і знайсці сваё месца.
Сёння воін-інтэрнацыяналіст працуе трактарыстам у ПМК-42, жыве ў в. Жвірблі са сваёй жонкай Люсяй, выгадавалі двух дзяцей і з радасцю чакаюць да сябе ў госці дзвюх унучак.
А падзеі той незразумелай вайны не-не ды і ўсплывуць у памяці. Вось тады і скоціцца скупая мужчынская сляза.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *