Авангардныя фантазіі маленькіх дызайнераў

Власть и общество

IMG_7288 (Small)Кожная дзяўчынка з ранняга ўзросту марыць ствараць эксклюзіўныя ўборы ці пакараць сапраўдныя подыумы ў якасці мадэлі. Таму кожны год з нецярпеннем чакаюць юныя дызайнеры, якія думаюць неардынарна, шыюць крэатыўныя і незвычайныя ўбранні, конкурсаў авангарднай моды “Марэнга” і яго малодшага брата “Подыума мары”.
Спачатку дзецям трэба прайсці сур’ёзныя адборачныя ўнутрышкольныя туры, а ўжо самыя цікавыя мадэлі ўбораў і іх дызайнеры трапляюць на фінальны этап, які штогод ладзіць цэнтр дзяцей і моладзі. Дарэчы, сёлета конкурс па добрай традыцыі праходзіў пад дэвізам “Моладзь за здаровы лад жыцця”, таму і многія эксклюзіўныя мадэлі пераклікаліся з гэтай тэмай.
Арганізатары ж з кожным годам прыдумваюць нешта новае, таму конкурс “Марэнга” становіцца ўсё больш цікавым. Вось і на гэты раз яны абяцалі здзівіць. Пачаўся ён з відэаэкскурсу па лепшых выступленнях розных гадоў. Дарэчы, мінулагоднія пераможцы раённага “Марэнга” сёлета выдатна праявілі сябе на абласным конкурсе і вярнуліся з перамогай.
Увогуле ж, з першага моманту і да апошняга глядач ні на хвіліну не адрываў вачэй ад сцэны. Там сапраўды было на што падзівіцца. Шэсць удзельніц авангарднага “Марэнга” – Вікторыя Ундруль, Алеся Максімовіч, Улада Высоцкая, Дар’я Гірса, Ала Камінская і Іна Сідарук раз за разам здзіўлялі прысутных.
Так, у “Піар-кампаніі, ці самарэкламе”, дзяўчаты прэзентавалі сябе як будучага вядомага дызайнера, мастака па касцюмах і візажыста праз вершы, песні, відэаролікі. Выдатна справіліся яны і з конкурсамі “Вока-алмаз”, дзе трэба было візуальна вызначыць параметры мадэлі, а таксама “Камуфляж”, падчас якога адказвалі на каверзныя пытанні пра моду і адзенне. А ў выпрабаванні “Арт-візаж” канкурсанткам трэба было стварыць сваім мадэлям унікальныя, незвычайныя, модныя прычоскі, а потым даць назву “шэдэўру” і расказаць пра яго.
Але, безумоўна, гледачы былі ў чаканні галоўнага конкурсу – “Авантура ад куцюр”. А пакуль дзяўчаты рыхтаваліся да яго і прымяралі эксклюзіўныя ўборы, сцэна была аддадзена канкурсантам “Подыума мары”. Адзін за адным грацыёзна , як сапраўдныя мадэлі, выплывалі канкурсанты з трох гарадскіх школ. Упершыню за апошнія гады ў конкурсе паўдзельнічаў і хлопчык. Гімназіст Максім Шэпялюк у элегантным касцюме з цэлафану разам з матуляй выканалі танец, які проста пакарыў усіх прысутных. Мадэлі ж дэманстравалі створаныя сваімі рукамі авангардныя ўборы, якія больш нідзе не ўбачыш. З гумы і стужак, шпалеры і жалудоў, сурвэтак і пакетаў для смецця, семачак і лістоў журнала – у ход пайшлі нават самыя незвычайныя рэчы, якія мы прывычна выкідваем у сметнік. Самыя простыя матэрыялы, дзякуючы буйству фантазіі і ўмелым рукам, сталі авангарднымі ўборамі, што так і застаўлялі здзіўляцца.
Нарэшце свае ідэі прадэманстравалі і шэсць канкурсантак. У гэтым годзе ім трэба было адпавядаць прыродным стыхіям. І гэта ў іх выдатна атрымалася. Крэатыўная Вікторыя Ундруль з туалетнай паперы стварыла ўбор у марскім стылі, Алеся Максімовіч аддала перавагу асенняй тэматыцы – яе сукенка была з лістоў, Улада Высоцкая нагадала пра экалагічныя праблемы і адзела сукенку, зробленую з аднаразовага посуду, а вось энергічная Іна Сідарук выбрала для сябе вобраз марской зоркі і нават сыграла на скрыпцы.
Выбраць адзін, самы авангардны нарад было амаль немагчыма. І ўсё ж у “Подыуме мары” перамаглі выдатныя ідэі Максіма Шэпелюка, Настассі Валушкі і Вікторыі Рушаковай. А пераможніцай “Марэнга-2013” , “Самай авантуранай мадэллю” стала Іна Сідарук з СШ№1. Яна пакарыла ўсіх сваёй артыстычнасцю, непаўторнасцю і ўменнем трымацца на сцэне. Таму не выпадкова, што і прыз глядацкіх сімпатый таксама дастаўся ёй.

Таццяна Пятушка.
Фота ўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *