Афганскі фотаальбом Васіля Жыгалкі

Актуальное

IMG_0190 (Small)Час не сцірае з людской памяці многія падзеі, але неардынарныя, якія закранулі не толькі асабісты лёс, але і цэлай краіны пад назвай Савецкі Саюз, забыццю непадуладныя. Такімі, назаўсёды памятнымі падзеямі для воінаў-інтэрнацыяналістаў застаецца вайна ў Афганістане.
Многія эпізоды з часу службы ў гэтай далёкай краіне захавала не толькі памяць Васіля Жыгалкі з Богіна, але і фотаздымкі з афганскага альбома. Вось Васіль наводчык станкавага гранатамёта ў час непрацяглага адпачынку пасля нараду па ахове дзяржаўнай граніцы, стралок, на фоне гор… А тут Васілю ўручаюць медаль “За баявыя заслугі”. Яна — не адзіная ўзнагарода былога пагранічніка. У скарбонцы таксама медалі “За выдатнасць у ахове дзяржаўнай граніцы СССР”, “Ад удзячнага афганскага народа”, шмат юбілейных медалёў.
Пагранічныя войскі, у якіх служыў В. Жыгалка, у афганскай вайне адыгралі вельмі важную ролю, прыкрываючы подступы да паўднёвых рубяжоў Савецкага Саюза, забяспечваючы бяспеку жыхарам памежжа. Доўгі час пра ўдзел пагранвойскаў у той вайне даводзілася маўчаць, як і пра тое, што добра прадуманая тактыка, арганізацыя баявых дзеянняў, прафесіяналізм салдат і камандзіраў, высокія маральна-дзелавыя якасці асабовага саставу прывялі да таго, што страты сярод пагранічнікаў былі мінімальнымі. Да таго ж ніхто з іх не трапіў у палон, ніводзін з загінуўшых не застаўся ляжаць у чужой зямлі.
Хоць, як прызнаецца цяпер Васіль, небяспека падпільноўвала на кожным кроку, за каменнымі скаламі, у “зялёнцы”, каравуле. Кладучыся спаць, кожны з салдат трымаў каля ложка зараджаны аўтамат.
Родныя Васіля не ведалі, дзе ён служыць. У рэдкіх пісьмах на радзіму салдат проста пісаў, што служыць на граніцы. Дамоў вярнуўся памужнелы, статны і сказаў: “Я быў у Афганістане”.
На афганскую зямлю радавы Жыгалка ступіў 14 лютага 1988 года. Да гэтага прайшоў курс маладога байца ў Таджыкістане. Разам пазнаваў азы армейскай службы з юнакамі з Таджыкістана, Казахстана, Расіі. І заўсёды ў любой сітуацыі маглі разлічваць на надзейнае інтэрнацыянальнае плячо. А гэта так важна ў час вайны.
Жылі ў зямлянках. Многія хварэлі. Не тое, што не маглі адаптавацца да нязвыклых кліматычных умоў. Трэба было быць вельмі асцярожнічаць з вадой, бо ў некіпячоным выглядзе яна таіла ў сабе вялізную небяспеку. За ёй часта ездзілі калонамі да крыніцы.
Амаль кожны дзень і ноч стралялі. Па перыметры размяшчэння часці былі выстаўлены пасты, вырыты акопы. Але гэта не перашкаджала ворагу страляць, закідваць камянямі. Страшна было і прабірацца сцяжынкамі ў гарах. У любы момант можна было трапіць у пастку. “Але, — гаворыць Васіль, — Бог мілаваў мяне ад усялякіх нечаканасцей. Застаўся жывым і здаровым”.
Пакідаў Афганістан разам з саслужыўцамі ў перадапошні дзень перад вывадам савецкіх войскаў – 14 лютага 1989 года. Яшчэ амаль год працягваў службу ў сваёй часці ў Таджыкістане.
Цяпер, дзякуючы інтэрнэту, змог аднавіць сувязь з многімі сваімі сябрамі. Дзеляцца ўспамінамі, расказваюць адзін аднаму пра тое, як склалася жыццё.
Пасля службы Васіль вярнуўся ў родны калгас механізатарам, дзе працуе да гэтага часу. Мае сям’ю, дзвюх дачок. Ім стараецца не расказваць пра афганскую старонку свайго лёсу. А вось калі застаецца сам-насам, бярэ ў рукі альбом і пагружаецца ва ўспаміны маладосці. Хоць там ішла вайна, але і было шмат станоўчага— сапраўдная дружба, фізічная і маральная загартоўка, тое, што не згасае з гадамі.

Зінаіда Палулех.IMG_0190 (Small) IMG_0191 (Small)

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *