Адзін дзень з паштальёнам

Актуальное

1Звычайна людзі вырашаюць пачаць нешта новае ў сваім жыцці з панядзелка ці новага года. Я ж вырашыла адысці ад гэтага правіла і пачаць аўтарскі праект “Адзін дзень з…” са снежаньскай серады.
У публікацыях падзялюся з чытачамі газеты пра спецыфіку розных прафесій, якую буду вывучаць на працягу аднаго дня. Пачну з паштальёна, пераднавагоднія зімовыя дні гэтым людзям нялёгка дастаўляць у нашы дамы газеты, часопісы, віншавальныя паштоўкі.
Карэспандэнцыя з дастаўкай на дом
Серада – дзень не з лёгкіх
На раённы вузел паштовай сувязі ў мінулую сераду, 11 снежня, усю карэспандэнцыю даставілі толькі каля 11 гадзін. Гэта выключэнне з правілаў, бо звычайна машына з поштай прыходзіць у 7.20. Паштальёны ж збіраюцца на сартыроўцы ў 7 гадзін раніцы.
Адразу пасля дастаўкі памяшканне сарціровачнага аддзялення нагадвае пчаліны вулей, у якім кожны дакладна ведае, што рабіць.
Гарадскія паштальёны, а іх сем, згодна з запісамі свайго “хадавіка” (журнал, дзе пазначана, хто і якія выданні выпісвае) адбіраюць карэспандэнцыю, затым атрымліваюць паведамленні на заказныя пісьмы, бандэролі, пасылкі, пераводы. Перад выхадам на ўчастак бяруць балончык-шок (для самаабароны) і адпраўляюцца ў шлях.
Нюансы прафесіі паштальёна я пазнавала са Святланай Мушаценка. У РВПС жанчына працуе сёмы год. Сёння яна па маршруце свайго ўчастка ўжо можа хадзіць з закрытымі вачамі.
— Серада – дзень не з лёгкіх, — тлумачыць Святлана. – Выходзіць “раёнка” і шмат іншых газет. Напрыканцы года, як звычайна, шмат службовых пісьмаў, а ў мяне на ўчастку райвыканкам, РАУС, дэпартамент аховы, ЦРБ, рэдакцыя, іншыя арганізацыі. Дадайце паштоўкі, бандэролі.
Усё гэта скласці ў адну сумку проста немагчыма. Яна атрымаецца непад’ёмнай, а паштальёнам дазваляецца насіць у ёй не больш за 7 кілаграмаў. Таму С. Мушаценка забірае карэспандэнцыю партыямі. Даставіць адну, затым ідзе па другую.
Абслугоўвае жанчына першы ўчастак. Гэта вуліцы 1 Мая, Горная, частка Савецкай, Садовай, Кастрычніка. У пад’езды шматкватэрных дамоў трапляе з дапамогай чыпаў, якія падпісаны, бо цяпер амаль усюды кодавыя дзверы. Амаль палова дамоў на ўчастку – прыватны сектар.
Прыватны сектар, як і вёска
Не ўсе гаспадары паклапаціліся пра спецыяльныя скрыні для пошты. Таму паштальён стукаецца ў дзверы.
Нярэдка ў дварах яе “сустракаюць” сабакі. Такіх вартаўнікоў на ўчастку шмат, і ніколі не ведаеш, кажа С. Мушаценка, як яны адрэагуюць на візіт. Жанчына прызнаецца, што былі выпадкі, калі ад сабакі вельмі цяжка было адбіцца, але ўсё абышлося. Дарэчы, балончык-шок нездарма абавязковы “аксесуар” паштальёна і ён заўсёды напагатове.
У адрозненне ад такіх “негасцінных” вартаўнікоў, гаспадары многіх прыватных дамоў для Святланы – свае людзі, асабліва пажылыя, якім яна дастаўляе пенсію. Яны часта расказваюць пра сваё жыццё, дзеляцца навінамі. Кожны месяц у вызначаны дзень з 5 па 25 чысло жанчына дастаўляе пенсію 500 чалавекам і выдае яе асабіста ў рукі пад роспіс, як таго патрабуе службовая інструкцыя.
Па дарозе я цікаўлюся: “Не баіцеся насіць вялікія сумы чужых грошай?” На што Святлана, усміхнуўшыся, адказвае: “Я ж не трымаю іх на віду ў сумцы разам з газетамі”.
Сакрэт не выдам, толькі скажу, што грошы ў надзейным месцы, пра якое ні адзін злодзей не здагадаецца.
Актыўна вядзе ў гэтыя дні Святлана і падпіску на перыядычныя выданні на першы квартал 2014 года. Яна добра ведае, хто і калі выпісвае свае любімыя газеты і часопісы. Многія – пастаянныя прыхільнікі адных і тых жа выданняў.
Ногі – самы надзейны транспарт
Серада выдалася не зусім спрыяльнай для шпацыру. Пасля марозу – адліга, імжаў дробны дождж. Але для паштальёна такія пешыя “прагулкі” – справа звычайная. За дзень жанчына наматвае па 10-12 кіламетраў.
— Затое мне не трэба думаць ні пра якія дыеты, каб пахудзець, пра заняткі спортам, — жартуе. – Мая работа – гэта самы сапраўдны “прафесійны” спорт.
Не злічыць, колькі пар ботаў, туфляў стаптаў паштальён. Праўда, абутак, як і курткі, выдаюць на рабоце як спецадзенне. Не хапае “казённых” рэчаў – даводзіцца купляць.
Працоўны дзень паштальёны афіцыйна заканчваецца ў 15 гадзін, але не заўсёды ўсё ідзе па строгім распарадку. Дамоў Святлана вяртаецца стомленая, але назаўтра раніцай зноў спяшаецца на пошту, а потым стукаецца ў дзверы, каб своечасова даставіць нам навіны з добрым настроем.

Зінаіда Палулех.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *