Загартоўка на ўсё жыццё

Актуальное

1Дваццаць пяць гадоў аддзяляе нас ад даты вываду савецкіх войскаў з Афганістана. Гэта на пяць гадоў больш, чым было многім юнакам, якія з мірнага спакойнага жыцця трапілі ў самае пекла вайны. У ліку іх і Часлаў Ленскі (на здымку) з Відзаў.
Пасля заканчэння школы ён пайшоў вучыцца ў вучылішча ў Наваполацку, адкуль і быў прызваны на службу ў армію. Фізічна загартаваны хлопец, як і многія яго равеснікі, лічыў за гонар служыць у ваенна-дэсантных войсках. Так яно і атрымалася. Але быў гэта пачатак 80-ых, калі ўжо ішла вайна ў ДРА.
Дэсантнікі 103-яй Гвардзейскай дэсантнай дывізіі, што дыслацыруецца ў Віцебску, аднымі з першых былі накіраваны ў гэту далёкую, выпаленую сонцам краіну. У многіх аперацыях ім адводзілася роля асноўнай ударнай сілы. Гвардзейцы-віцябчане дзейнічалі заўсёды мужна і ўмела, хутка асвойваліся з незнаёмым ім дагэтуль тэатрам ваенных дзеянняў.
Пра тое, што новае папаўненне таксама рыхтуюць да адпраўкі на вайну, ніхто з навабранцаў і не сумняваўся. Праўда, уявіць сабе, што гэта такое, ніхто не мог. Але цягнулася такое няведанне нядоўга. Адразу пасля курса маладога байца іх адправілі ў Афганістан.
Аэрапорт Кабула сустрэў неймавернай спякотай. Пятнаццаць дзён далі салдатам на адаптацыю да новых кліматычных умоў, жыцця пад палячым сонцам у палатачным гарадку, знаёмства з аднапалчанамі. А потым пачалася сапраўдная нялёгкая служба. Байцы выконвалі задачы, якія ставіла перад імі ваеннае камандаванне, удзельнічалі ў баявых аперацыях, суправаджалі калоны. Так праходзілі звычайныя ваенныя будні.
У той час, па словах Часлава Ленскага, савецкія войскі кантралявалі ўжо 15% тэрыторыі кабульскай даліны, сам горад Кабул. Чаславу разам з саслужыўцамі даводзілася днём патруляваць па горадзе, ноччу – правяраць пасты. Іх часць ахоўвала таксама кабульскі аэрапорт, суправаджала калоны. Нярэдка і яму даводзілася бачыць, як расстрэльвалі калоны, як гарэлі КАМАЗы.
— Гэта няпраўда, што да вайны можна прывыкнуць, — кажа Часлаў. – Кожнае здарэнне, кожная смерць – гэта стрэс, трагедыя, асабліва, калі гінуць сябры, якім, як і табе, 20 гадоў.
А ўлічваючы, што Ч. Ленскаму даводзілася ахоўваць аэрапорт, то даводзілася бачыць і грузы, якія адтуль адпраўляліся. “Чорнымі цюльпанамі” называлі труны з целамі забітых, грузам “200” абазначалі груз з наяўнасцю трупа, а “300” – з параненым ваеннаслужачым. Амаль кожны дзень з аэрапорта такія адпраўляліся ў Савецкі Саюз.
У Афганістане былі распаўсюджаны такія хваробы, як тыф, гепатыт, дызентэрыя. Змагацца з хваробай у складаных ваенных умовах было складана. Таму хворых адпраўлялі лячыцца на радзіму. Праз гэта прайшоў і Часлаў. Праўда, пасля выздараўлення зноў вярнуўся на службу.
Як і кожны салдат, Ч. Ленскі пісаў дамоў пісьмы, праўда, яны ніяк не адлюстроўвалі таго, што было на самай справе. “Служба праходзіць нармальна. Жывы, здаровы”, — у асноўным такімі нешматслоўнымі былі лісты, але і іх родныя атрымлівалі адзін раз у месяц.
Вяртанне дамоў 1 мая 1982 года было вельмі чаканым і радасным, а планы на жыццё – грандыёзнымі. Паступіў і паспяхова закончыў Магілёўскі педагагічны інстытут, ваенна-спартыўную кафедру. З 1988 года Часлаў Ленскі працуе выкладчыкам фізвыхавання ў Відзаўскім каледжы. Ён вучыць сваіх падапечных не толькі фізічнай загартоўцы, але і выхоўвае ў іх характарах цярпенне, вынослівасць.
Навучэнцы каледжа пастаянныя ўдзельнікі розных спартыўных мерапрыемстваў, маюць шмат узнагарод за прызавыя месцы.
Часлаў не любіць успамінаць пра Афганістан. Але ён, безумоўна, пакінуў там часцінку свайго жыцця. Засталіся ў памяці афганскія горы, баявыя сябры, з многімі з якіх і сёння падтрымлівае сувязь, узаемавыручка, мужчынская дружба. Прызнаецца, што навучыўся многае ўспрымаць інакш, даражыць тым, што ў паўсядзённым жыцці здаецца звычайным, а ў экстрэмальнай сітуацыі набывае каштоўнасць. Той жа глыток вады ў фляжцы, ім, апошнім, неаднойчы даводзілася ў Афганістане дзяліцца з сябрамі.

Зінаіда Палулех.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *