За захаванне народных традыцый

Актуальное

Nagrazhdenie-113Падведзены вынікі рэспубліканскага турыстычнага конкурсу “Пазнай Беларусь”. Сёлета ён праходзіў у адзінаццаты раз. Арганізатарамі яго з’яўляюцца Міністэрства спорту і турызму, Нацыянальнае агенцтва па турызме і газета “Турызм і адпачынак”.
Урачыстая цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў праходзіла 30 кастрычніка ў Нацыянальнай бібліятэцы.
Усяго на конкурс было пададзена 120 заявак у розных намінацыях. Адной з самых аўтарытэтных лічыцца “За ўклад у развіццё беларускага турызму”, у якой прынялі ўдзел 10 мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў. Лаўрэатам конкурсу прызнаны Глыбоцкі райвыканкам. Віншуем суседзяў.
Актыўна ўдзельнічалі канкурсанты і ў такіх намінацыях, як “За развіццё ўязнога і выязнога турызму”, “Экскурсавод года”, “За творчы падыход у асвятленні турызму”, “Лепшы інтэрнэт – праект турыстычнай індустрыі”, “Я пазнаю Беларусь”. Упершыню ў гэтым годзе ва ўмовах конкурсу з’явілася намінацыя “Лепшы аб’ект аграэкатурызму”. У ёй пажадалі ўдзельнічаць 20 аграсядзіб з усёй Беларусі. І вельмі прыемна, што ў лік намінантаў трапіла аграсядзіба “У Барысавіча” з нашага раёна, што размяшчаецца ў вёсцы Вусце.
Першых гасцей гаспадары сядзібы бацька і сын Уладзімір і Юрый Жэрко прынялі ў 2011 годзе. За гэты час склаўся свой кантынгент адпачываючых, у асноўным гэта расіяне, хоць нямала прыязджае і беларусаў.
Днямі я сустрэлася з Юрыем, які прысутнічаў на ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджвання. Ён расказаў, што прапанову паўдзельнічаць у конкурсе атрымаў ад кампаніі “Адпачынак на вёсцы”. Матэрыялы адправіў у ліпені і быў у ліку першых канкурсантаў. Аграсядзіба “У Барысавіча” славіцца сярод турыстаў сваёй гасціннасцю, разнастайнасцю адпачынку. Рыбная лоўля, водныя, водна – пешыя, пазнавальныя экскурсіі. Нездарма дэвізам у арганізацыі адпачынку бацькі і сына Жэрко з’яўляецца цытата з кнігі Уладзіміра Караткевіча “Зямля пад белымі крыламі”: “Любіце гэтую сваю святую зямлю аддана і да канца. Іншай вам не дадзена дый і не патрэбна”. У свой час старэйшы Жэрко 20 гадоў працаваў у інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору і неаднойчы ездзіў у розныя экспедыцыі з У. Караткевічам. Любіў і любіць родную Беларусь, гэтую любоў перадаў сыну, які цяпер стараецца прывіць яе тым, хто прыязджае адпачываць у нашу краіну.
Сядзібе “У Барысавіча” намеснік міністра спорту і турызму Часлаў Шульга ўручыў грамату “За адраджэнне і захаванне народных традыцый”.
Віншуем Уладзіміра і Юрыя Жэрко з такой узнагародай і жадаем ім пабольш турыстаў, новых экскурсійных маршрутаў і цікавых адкрыццяў у гісторыі нашай Браслаўшчыны.

Зінаіда Палулех.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *