Яе стыхія — кнігі

Люди

IMG_6917 (Small)На зямлі ёсць тры каштоўнасці: хлеб, каб чалавек быў заўсёды здаровы і моцны; жанчына, каб не абарвалася нітка жыцця; кніга, каб не перарвалася сувязь часоў. А захавальнікам духоўнай спадчыны з’яўляецца бібліятэкар. У большасці сваёй — гэта людзі, якія па-сапраўднаму любяць кнігу і нястомна прапагандуюць яе сярод чытачоў.
Такі прафесійны шлях выбрала для сябе і бібліятэкар Слабодкаўскай бібліятэкі Марына Васілеўская.
З дзяцінства Марына Іванаўна любіць чытаць, і заўсёды падабаўся ёй пах кніг у бібліятэцы, якую школьніцай наведвала вельмі часта.
— Калі маці выключала святло ў пакоі, — дзеліцца сваёй дзіцячай тайнай М. Васілеўская, — то ноччу чытала з ліхтарыкам, накрыўшыся коўдрай.
Трэба адзначыць, што кнігі не перашкаджалі ні вучобе, ні пазашкольнай дзейнасці. Граматы за выдатныя адзнакі і актыўнае школьнае жыццё Марына атрымлівала штогод. Ды і ў Магілёўскім тэхнікуме, куды дзяўчына паступіла пасля заканчэння Опсаўскай школы, з задавальненнем і прагнасцю спасцігала веды бібліятэчнай справы.
У 1989 годзе з чырвоным дыпломам на руках малады спецыяліст вярнуўся ў родныя мясціны, адхіліўшы прапанову працаваць у Віцебску.
Добрымі словамі ўспамінае жанчына сваё першае працоўнае месца — Браслаўскую раённую дзіцячую бібліятэку:
— Калектыў мяне сустрэў ветліва і добразычліва. Безумоўна, тэарэтычныя веды, якія атрымала ў тэхнікуме, адрозніваліся ад практыкі, але на дапамогу заўсёды прыходзілі старэйшыя вопытныя калегі.
Каб дасканала ведаць усе тонкасці сваёй прафесіі, Марына паступіла ў Мінскі інстытут культуры.
Праз некалькі гадоў ёй прапанавалі месца ў Слабодкаўскай бібліятэцы. На той час сельская бібліятэка ўяўляла з сябе невялікі пакой, дзе захоўваліся кнігі і куды прыходзілі наведвальнікі. Памяшкання катастрафічна не хапала.
Непадалёку стаяў пусты будынак. Энергічнаму, добрасумленнаму ахоўніку кніг пайшлі насустрач, і пасля рамонту, які дапамагала рабіць уся сям’я, Марына Іванаўна са сваім скарбам — кнігамі — пераехала ў прасторныя пакоі.
Несумненна, амаль за 20 гадоў памяшканне бібліятэкі змянілася, дзякуючы нястомнай і творчай працы сапраўднай гаспадыні. У светлых утульных пакоях размясціліся на стэлажах кнігі. Цікава, забаўляльна і маляўніча аформлены дзіцячы абанемент, навідавоку ў чытальнай зале размешчаны навінкі літаратуры і перыёдыкі, змясцоўна і з разынкай прадстаўлены тэматычныя выставы. У стварэнні этнаграфічнага кутка ўдзельнічалі многія жыхары вёскі, якія прыносілі старадаўнія рэчы. Адным з цікавых экспанатаў у ім з’яўляецца даўнейшы патэфон. Усюды шмат кветак, на вокнах прыгожыя беласнежныя фіранкі. І заўсёды вас сустракае абаяльны, прыветлівы і эрудзіраваны бібліятэкар Марына Іванаўна, якая дапаможа разабрацца і знайсці патрэбную вам кнігу ў вірлівым моры літаратуры.
М. Васілеўская добра разумее, што бібліятэка на вёсцы адыгрывае важную ролю, бо яна становіцца яшчэ і месцам сустрэчы як юных, так і пажылых вяскоўцаў. Таму жанчына разам са сваёй нястомнай памочніцай Святланай Ваўчок прыкладае шмат намаганняў, каб сюды ішлі людзі і мелі магчымасць прыемна і з карысцю правесці свой вольны час.
Наладжана цесная сувязь са школай і сельскім Домам культуры. Паколькі не ўсе школьнікі паспяваюць пасля ўрокаў наведаць бібліятэку, Марына Іванаўна і Святлана Васільеўна носяць кнігі ў школу. Усё робіцца для зручнасці чытача.
Бібліятэкар сёння — гэта не толькі знаток літаратуры. Ён павінен цудоўна разбірацца ў сучасных інфармацыйных тэхналогіях, праводзіць розныя мерапрыемствы, займацца асветніцкай і грамадскай дзейнасцю.
Таму нікога не здзівіла, што ў мінулым годзе Слабодкаўская бібліятэка атрымала дыплом як лепшая ўстанова культуры раёна. А сёлета напярэдадні свайго прафесійнага свята Марына Васілеўская стала пераможцам вобласці ў намінацыі «Лепшы бібліятэчны работнік» і атрымала прэмію аблвыканкама.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *