IMG_6968 (Small)

«Хлебныя» маршруты прывялі да перамогі

Сельские будни

IMG_6968 (Small)Не першы год вадзіцель ААТ «Слабодка-агра» Валянцін Буёнак займае прызавыя месцы ў раённым спаборніцтве па перавозцы збожжа ад камбайнаў. Поспехі іказненскага вадзіцеля нікога ў сельгаспрадпрыемстве не здзіўляюць, бо ведаюць Валянціна Эдмундавіча як добрасумленнага і адказнага работніка, а яго старэнькі аўтамабіль заўсёды знаходзіцца ў добрым стане.
Азы прафесіі шафёра Валянцін набыў у Іказненскай сярэдняй школе на ўроках вучэбна-вытворчага камбіната, а потым свае прафесійныя навыкі ўдасканальваў у радах Савецкай Арміі. Пасля службы ў 1990 годзе вярнуўся ў родныя мясціны, уладкаваўся на працу ў тагачасны калгас «Чэрняхоўскага», сеў за руль аўтамабіля і дагэтуль трымае яго ў сваіх надзейных і моцных руках.
Спачатку малады вадзіцель працаваў на бартавым «ЗІЛе-157». Безумоўна, «дапатопная» тэхніка вялікага задавальнення не прыносіла. І Валянцін скіраваў свой позірк на зламаны самазвал «ГАЗ-53», які стаяў нікому не патрэбны на мехдвары. За паўтара месяца ён сваімі рукамі перабраў кожную дэталь машыны, не ленаваўся застацца пасля работы альбо прыйсці ў выхадны дзень. Уклаў у аўтамабіль, як кажуць, усю сваю душу. Напэўна, таму да сённяшняга часу самазвал спраўна служыць свайму гаспадару.
— Нічога асаблівага не раблю, — гаворыць В. Буёнак. — Працую, стараюся, як усе. А поспехі прыходзяць самі сабой.
Шмат розных грузаў давялося перавозіць вадзіцелю больш чым за два дзясяткі гадоў. Аднак самай важнай справай, як прызнаецца Валянцін Эдмундавіч, з’яўляецца для яго ўдзел ва ўборцы ўраджаю збожжавых культур. Не злічыць сёння, колькі зрабіў рэйсаў і колькі тон збожжа перавёз ён за гады працы.
Адвозка зерня ад камбайнаў на збожжаток – справа вельмі клапатлівая і нялёгкая. Яна патрабуе ад кожнага вадзіцеля вялікай адказнасці, адбірае шмат фізічных сіл. Бо працаваць жа прыходзіцца, што называецца, ад світання да змяркання, без выхадных.
Працуючы на малагрузным аўтамабілі «ГАЗ-53», вадзіцелю В. Буёнку ўдаецца апярэджваць вадзіцеляў больш грузападымальных МАЗаў.
— Валянцін Эдмундавіч — надзейны і адказны работнік, — характарызуе свайго падначаленага інжынер ААТ «Слабодка-агра» Андрэй Нарэль. — Тэхніка ў яго заўсёды ў добрым стане. Спагадлівы і дружалюбны, ён ніколі не адмовіць замяніць таварыша, калі таго патрабуюць абставіны.
Калі зіма паціху пачынае ўступае ў свае правы, работы ў В. Буёнка крыху змяншаецца. Застаецца дачакацца, калі азёры пакрыюцца тоўстым панцырам лёду, каб вылучыць час для любімага занятку — зімовай рыбалкі.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.