IMG_8149 (Small)

Вабіць «Браслаўскі спінінг»

Общество

IMG_8149 (Small)Менавіта гэтыя словы захацелася вынесці ў загаловак артыкула пра чарговае спаборніцтва рыбаловаў-спінінгістаў, якое праводзілася ў пяты раз. А выказаў іх мне Андрэй Міхалёнак, жыхар горада Рагачова. Трэці раз прыязджае ён на гэтае мерапрыемства. Ніводнага разу яму не пашанцавала трапіць у лік прызёраў спаборніцтва, аднак, па яго словах, мае намер і далей наведвацца сюды.
— Я «самятнік», — расказваў Андрэй, — на Прыпяці займаюся лоўляй толькі гэтай рыбы. У Браслаў жа прыязджаю таму, што займеў шмат сяброў спінінгістаў, з якімі цікава гутарыць пра нашы рыбалоўныя сакрэты. Няхай мы і спецыялізуемся на лоўлі розных відаў рыб, натура ж кожнага спінінгіста аднолькавая: узяць трафейны экзэмпляр. Тут мяняемся прынадамі, расказваем пра захапляючыя моманты на вадзе. А зносіны аднадумцаў, як вядома, не вылічваюцца грашовымі тратамі. Мне цікава быць у вас.
Сёлета спаборніцтва «Браслаўскі спінінг» вярнулася да пачатковай кропкі свайго заснавання — на турыстычную стаянку «Окменіца» возера Струста. Дарэчы ўспомніць, што гэтае мерапрыемства неафіцыйна праводзілася гады два-тры раней па ініцыятыве мінскіх спінінгістаў. Цяпер жа яно арганізуецца аддзелам адукацыі, спорту і турызму райвыканкама пры падтрымцы дырэкцыі НП «Браслаўскія азёры». У суботу на ўдзел у спаборніцтве зарэгістраваліся 38 чалавек. Акрамя браслаўскіх спінінгістаў, паспытаць свайго рыбацкага шчасця прыехалі іх калегі з Шаркаўшчыны, Глыбокага, Мінска, Бабруйска, Барысава. Геаграфія ўдзельнікаў, як бачна, даволі абшырная. Шкада толькі, што перасталі прыязджаць рыбаловы з Літвы і Латвіі. Тым не менш напал здаровага спаборніцтва, які пануе кожны год на «Браслаўскім спінінгу», не губляецца.
Заўважу, што ў папярэднія гады, як правіла, рыбаловы з самым важкім уловам прычальвалі апошнімі. Сёлета ж гэтая традыцыя была парушана, можна сказаць, самым бессаромным чынам. Першымі на бераг прыехалі Святлана і Браніслаў Юраны, у лодцы якіх трапятаўся шчупак вагой у 9340 грамаў. Больш важкага ўлову ў той дзень не было. Святлана і Браніслаў занялі першае месца як у асабістым, так і ў камандным заліку (выступалі за турбазу «Браслаўскія азёры»). Другое месца пасля ўзважвання дасталося камандзе ЦРБ у складзе Ігара Козела і Аляксандра Еўдакімава (7660 г), трэцімі сталі бацька з сынам Аляксандр і Дзмітрый Шакуры з уловам у 2340 г., якія выступалі за каманду дэпартамента «Ахова». Апошні, дарэчы, яшчэ атрымаў прыз як самы юны ўдзельнік спаборніцтва.
Акрамя традыцыйных намінацый, у якіх вызначаліся пераможцы кожны год, сёлета была ўведзена яшчэ адна — лоўля з лодкі з маторам. У ёй пераможцамі сталі нашы суседзі з Шаркаўшчыны Валерый Ліпскі і Расціслаў Александровіч, улоў якіх заважыў 3480 г.
Нічога не праігралі і тыя, каму не пашанцавала злавіць ніводнай рыбіны. Усе, з кім давялося гутарыць, выказваліся адназначна:»Браслаўскаму спінінгу» быць і надалей.

Аляксандр Азевіч.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.