IMG_8158 (Small)

У інтарэсах моладзі

Общество

IMG_8158 (Small)Сёлета больш за 140 маладых спецыялістаў уліліся ў працоўныя калектывы Браслаўшчыны. І ўжо па добрай традыцыі хлопцы і дзяўчаты атрымалі запрашэнне на сустрэчу з кіраўніцтвам раёна, якая адбылася ў райвыканкаме напрыканцы кастрычніка.
Мерапрыемства пачалося з выступлення кіраўніка раёна Сяргея Шматава. Ён павітаў маладых спецыялістаў і каротка азнаёміў іх са станам спраў на Браслаўшчыне. Старшыня райвыканкама зазначыў, што будучыня нашых прадпрыемстваў залежыць ад маладога пакалення, якому сёння адкрыты ўсе дарогі. Аднак каб самарэалізавацца і прынесці карысць грамадству, трэба мець жаданне і здаровыя амбіцыі. “Працуйце, стварайце, удасканальвайцеся. А мы ў сваю чаргу зробім усё, каб Браслаўшчына стала для вас домам”, – рэзюмаваў С. Шматаў.
Пра стан сельскай гаспадаркі як асноўнай галіны вытворчасці раёна моладзі расказаў начальнік адпаведнага ўпраўлення райвыканкама Максім Чагарын. Ён акрэсліў цяжкасці, з якімі даводзіцца сутыкацца работнікам сферы, але выказаў спадзяванне, што надалей сітуацыя выправіцца, тым больш, што для гэтага створаны неблагія перадумовы.
Першы сакратар райкама БРСМ Марыя Сяліцкая прэзентавала юнакам і дзяўчатам дзейнасць раённай арганізацыі, расказала пра асноўныя ініцыятывы і накірункі работы. “Нам ёсць што прапанаваць моладзі”, – сказала яна. – “Сёння мы праводзім шэраг мерапрыемстваў на любы густ, і жадаючыя могуць праявіць сябе не толькі на раённым, але і на абласным узроўні.”
Пра работу з моладдзю і замацаванне маладых спецыялістаў у раённай сістэме аховы здароўя расказаў галоўны ўрач ЦРБ Аляксандр Макарэвіч. Традыцыйным госцем сустрэчы быў прадстаўнік Беларусбанка, які падрабязна растлумачыў механізм атрымання льготных крэдытаў, арыентаваных менавіта на маладых спецыялістаў. Даведаліся запрошаныя і пра парадак пастаноўкі на ўлік тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Дарэчы, падчас леташняга аналагічнага мерапрыемства гэтыя тэмы выклікалі ў моладзі масу пытанняў, чаго не скажаш сёлета.
Новым было і тое, што выступіць перад маладой гвардыяй запрасілі леташняга маладога спецыяліста. Галоўны аграном ААТ “Агравідзы” Міхаіл Прусакоў выказаў свае ўражанні ад першага года работы, падзяліўся пэўным вопытам. Абапіраючыся на ўласны вопыт, ён параіў дзеля добрай адаптацыі ў новых умовах не саромецца звяртацца з пытаннямі да калег і заўсёды мець свой пункт гледжання.
Пасля маладыя спецыялісты агледзелі аддзел ЗАГС і накіраваліся ў раённы Дом культуры. Там у іх была магчымасць азнаёміцца з дзейнасцю цэнтра дзяцей і моладзі, музейнага аб’яднання, цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы, спартыўным і культурным жыццём раёна. Адным словам, арганізатары імкнуліся данесці да маладых людзей як мага больш прапаноў і ўвогуле інфармацыі наконт цікавага і карыснага баўлення часу, бо, як паказвае практыка, у гэтай сферы заўсёды шмат пытанняў.
Завяршылася сустрэча праглядам тэатралізаванай пастаноўкі “Легенда пра Браслаў”.

Вячаслаў Каладынскі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.