Традыцыі працягваюцца

Актуальное

IMG_8254 (Small)Мерапрыемствы, прымеркаваныя да 95-годдзя УЛКСМ прайшлі ў многіх школах раёна. Аднак найбольш маштабнай і прадстаўнічай урачыстасць была ў гімназіі, дзе ў мінулую пятніцу прайшло свята “Камсамолу-95!”.
Удзельнікаў мерапрыемства вітала старшыня раённага Савета дэпутатаў Ніна Пучынская. Падчас свайго выступлення яна ўзгадала прыемныя ўражанні ад удзелу ў камсамольскім руху і зазначыла, што і сёння дзяржава звязвае з моладдзю вялікія надзеі, надае значную ўвагу яе выхаванню. “Будучыня за вамі, таму жадаю вам жыць, ствараць, любіць Радзіму і ганарыцца сваімі ўчынкамі”, – падвяла вынік Н. Пучынская.
Вядучыя мерапрыемства каротка пазнаёмілі прысутных з гісторыяй камсамола, яго ідэаламі і дасягненнямі. Першы сакратар райкама БРСМ Марыя Сяліцкая расказала пра сённяшнія будні арганізацыі і тое, чым яна заахвочвае сучасную моладзь. Сваімі песнямі ўдзельнікаў свята радавалі навучэнцы гімназіі і добра вядомая браслаўчанам салістка РДК Марына Карач.
Сярод ганаровых гасцей мерапрыемства былі намеснік старшыні райвыканкама Іна Лысенка, старшыня раённага Савета ветэранаў Іван Цялежнікаў, старшыня раённай арганізацыі ГА “Белая Русь” Яраслаў Сапель, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Іван Абаровіч, старшыня раённага Савета ГА “БРПА” Дзіяна Тарун, удзельнік ВАВ Віталь Цітовіч, воін-інтэрнацыяналіст Леанід Мікшта. Запрошаныя, дарэчы ўсе з іх у мінулым былі цесна звязаныя з камсамольскай дзейнасцю, падзяліліся з маладым пакаленнем сваім вопытам, расказалі пра вялікія справы часоў сваёй маладосці. І сапраўды, моладзь можа ганарыцца мінулым сваіх настаўнікаў і суседзяў. Яны ператваралі ў жыццё грандыёзныя праекты – ад будаўніцтва заводаў да асваення цалінных зямель, абаранялі нас ад фашысцкай навалы, выконвалі інтэрнацыянальныя абавязкі з розных краінах свету. Таму вельмі сімвалічна, што менавіта гэтыя людзі ўручалі членскія білеты грамадскага аб’яднання БРСМ новым актывістам. Толькі з ліку гімназістаў членамі арганізацыі сталі 30 чалавек.
Завяршылася ўрачыстае мерапрыемства віншаваннямі прысутных ад піянераў, якія таксама ў хуткім часе стануць пераемнікамі лепшых маладзёжных традыцый.

Вячаслаў Каладынскі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *