Спецыялістам трэба дапамагаць

Актуальное

ban5Традыцыя падтрымліваць маладых спецыялістаў трывала ўмацавалася ў многіх арганізацыях і ўстановах нашага раёна. Гэта дазваляе новым кадрам упэўнена рабіць свае першыя крокі ў прафесію. Як жа сістэма дапамогі і замацавання маладых людзей дзейнічае на самай справе?
Даўно вядома, што сельскагаспадарчая галіна, як ніякая іншая, мае патрэбу ў маладых работніках. Як паведаміла галоўны спецыяліст упраўлення сельскай гаспадаркі райвыканкама Аксана Багародзь, работа па замацаванні моладзі вядзецца даволі сур’ёзна. Выпускнікам школ прапануецца браць накіраванне, каб потым гарантавана трапіць у свой раён на працу. У гэтым годзе на Браслашчыну прыйшлі 17 выпускнікоў ВНУ і ССНУ і яшчэ 4 прыбудуць у сакавіку, да іх далучыліся каля 40 выпускнікоў Відзаўскага ДПТК. Усім маладым спецыялістам першыя два гады прадугледжаны выплаты ў памеры 2 тарыфных ставак першага разраду. Акрамя гэтага, у кожнай гаспадарцы свае кампенсацыі, выплаты, матэрыяльныя дапамогі. Маладым спецыялістам абавязкова выдзяляецца жыллё. Некаторыя гаспадаркі, як ААТ “Альшанка”, практыкуюць выдзяленне маладым спецыялістам на льготных умовах тэхнікі, сельскагаспадарчай прадукцыі, зямельных участкаў. У ААТ “Друйскі” бясплатна дапамагаюць даставіць паліва, у “Агравідзах” – з пераездам, выдзяляюць дапамогу на ўладкаванне.
У раённым аддзеле ўнутраных спраў свае метады замацавання маладых кадраў. Як толькі спецыяліст прыступае да сваіх абавязкаў, на паўгода за ім замацоўваюць старэйшага калегу. Складаецца асобны план, па якім і будуць працаваць малады супрацоўнік і яго настаўнік. Калі маладога чалавека прызначаюць участковым на раён, аддзел хадайнічае аб выдзяленні яму жылля. Маладое папаўненне адразу ўключаюць у грамадскае жыццё, пярвічку БРСМ.
А вось што расказала намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Антаніна Абалевіч. Тут маладых педагогаў падтрымліваюць у адпаведнасці з распрацаваным сацыяльным пакетам, у які ўваходзіць маральнае, матэрыяльнае стымуляванне і жыллёвае забеспячэнне. З новымі кадрамі знаёмяцца на жнівеньскай педагагічнай канферэнцыі, за імі замацоўваюць вопытных педагогаў, у многіх установах дзейнічае “Школа маладога настаўніка”. Маладым людзям, якія прыехалі не па месцы пастаяннага жыхарства, прызначаецца аднаразовая дапамога. Два гады малады спецыяліст атрымлівае педагагічныя даплаты ў памеры адной тарыфнай стаўкі першага разраду. Калі магчыма, яму дапамагаюць з жыллём, палівам. Увогуле ж, у кожнай школе замацавана свая сістэма стымулявання, дадатковыя прэміі за адкрытыя ўрокі, удзел у конкурсах, мерапрыемствах, спецыяльныя надбаўкі.
Бачна, што маладых спецыялістаў падтрымліваюць, і гэта не толькі ў вышэйназваных арганізацыях. Маладым людзям застаецца толькі старанна працаваць і праяўляць свае лепшыя здольнасці на першым рабочым месцы.

Таццяна Пятушка

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *