IMG_8489 (Small)

Служыць закону, праўдзе, справядлівасці

Актуальное

IMG_8489 (Small)У першую нядзелю снежня ў нашай краіне адзначаецца Дзень юрыста, свята тых, хто абараняе нашы правы і інтарэсы. У іх ліку і юрысконсульты. Прафесія па праву лічыцца адной з самых прэстыжных і папулярных у юрыспрудэнцыі, але ж на плечы гэтых людзей і адказнасць за работу ўскладваецца не малая. Пра ўсе цяжкасці, нюансы і між тым радасныя моманты працы не па чутках ведае галоўны юрысконсульт райпа Таццяна Зелянцова.
У абаяльнай і прыветлівай Таццяны Міхайлаўны, якая абараняе ў агульным і гаспадарчым судах інтарэсы райпа і юрыдычных асоб, як кажуць, работа гарыць у руках. І не выпадкова. Вопытная жанчына, а яна ў юрыспрудэнцыі ўжо больш за 25 гадоў, умее наладзіць кантакты, пераканаць, даказаць свой пункт гледжання. Дзелавая хватка, добрая інтуіцыя, эрудзіраванасць, адказнасць, аб’ектыўнасць, настойлівасць – гэты пералік прафесійных якасцей Т. Зелянцовай можна працягваць бясконца, і ўсімі яна валодае ў поўнай меры.
Юрыдычная справа цяперашняга вопытнага спецыяліста спачатку нават не прыцягвала. Рашэнне прыйшло само сабой, калі даведалася пра спецыяльнасць правазнаўства ў прэстыжным тэхнікуме савецкага гандлю, якіх ва ўсім СССР было толькі два. Тады і зацікавілася дзяўчына гэтай прафесіяй, прайшла вялікі конкурс і паступіла. А ўжо праз два гады з чырвоным дыпломам маладую спецыялістку па размеркаванні накіравалі ў Браслаўскае райпа.
Родам Т. Зелянцова з Пастаўшчыны, а ў Браслаў трапіла ў 1986 годзе. Менавіта тады яе настолькі ўразіў горад, прыгажосць і непаўторнасць краю, яго людзі, што жанчына ўлюбілася ў гэты мясціны раз і назаўсёды, тут і засталася.
У абавязкі Таццяны Міхайлаўны ўваходзіць абарона і вырашэнне ўсіх прававых праблем, якія могуць узнікнуць як у райпа, так і да яго, падрыхтоўка адказаў і іскаў у суд. У сістэме спажыўкааперацыі жанчына працуе шмат гадоў, за гэты час дакладна вывучыла сваю справу і перажывае за яе ўсёй душой. Таму адметна тое, што ў рабоце юрысконсульт карыстаецца не толькі літарай закона. Яна стараецца да кожнай справы падысці ўдумліва. Калі ўзнікаюць складанасці з пастаўшчыкамі, асобамі, якія не пагасілі арганізацыі запазычанасці, яна прапануе знайсці агульнае рашэнне, якое будзе задавальняць абодва бакі. Дарэчы, асабліва хвалюе Т. Зелянцову ў апошні час той факт, што з кожным годам усё больш расце колькасць іскаў у суд па вяртанні запазычанасці за тавар, які ўзялі ў крэдыт. Калі ў 2012 годзе іх было 2, то з пачатку 2013 – 9. Звычайна людзі не разлічваюць свае фінансы і потым не могуць выплаціць крэдыт, адпаведна, з’яўляюцца штрафныя санкцыі, якія таксама трэба вяртаць, а гэта значна б’е па кішэні спажыўцоў.
Каб павысіць сваю адукацыю, больш падрабязна разбірацца не толькі ў юрыдычнай справе, але і эканоміцы, яна атрымала другую адукацыю эканаміста. Пастаянна займаецца юрысконсульт самаадукацыяй, чытае тэматычныя артыкулы, дапамагаюць былыя аднакурснікі, а зараз калегі з іншых рэгіёнаў краіны. Жанчына ўпэўнена: спыніцца на шляху авалодвання прававымі ведамі — значыць, страціць прафесію. Таму стрыманасць, уседлівасць, уважлівасць і жаданне крочыць наперад даўно з’яўляюцца пастаяннымі спадарожнікамі Таццяны Зелянцовай.
Пра яе выдатную работу сведчаць і шматлікія ўзнагароды. Але асаблівы гонар выклікае ганаровае званне “Чалавек года” ў намінацыі “Лепшы юрыст”. Гэты конкурс кожны год праводзіцца сярод работнікаў спажыўкааперацыі, у 2011 годзе менавіта Таццяна Зелянцова стала лепшым юрыстам у рэспубліцы.
У 2009 годзе актыўнай Таццяне Міхайлаўне прапанавалі ўзначаліць прафсаюзную пярвічку райпа. За новую справу яна ўзялася з ахвотай. Дзякуючы актыўнаму лідару, калектыў часта выязджае на экскурсіі, удзельнічае ў раённых мерапрыемствах, разам калегі збіраюцца на святы.
Любімай прафесіі і прафсаюзу жанчына аддае шмат часу і сіл, але, прызнаецца, лепшая ўзнагарода для яе, калі ўсё атрымліваецца. Дарэчы, па шляху Таццяны Міхайлаўны пайшоў і яе сын, таксама стаў юрыстам і зараз працуе ў Віцебску. З дзяцінства перад ім быў выдатны прыклад адказнага і сумленнага выканання абавязкаў, любові да сваёй работы.

Таццяна Пятушка.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.