Прызначэнне — быць маці

Актуальное

IMG_6830 (Small)Наша размова з Ірынай Магрын пачалася з успамінаў пра той урачысты дзень, калі яе ўзнагародзілі ордэнам Маці.
З радасцю і гонарам жанчына паказала сваю ўзнагароду і пасведчанне да ордэна, падпісанае Прэзідэнтам нашай краіны Аляксандрам Лукашэнка.
— Гэты дзень запомніцца на ўсё жыццё, — дзеліцца сваімі ўражаннямі шматдзетная маці. — У Віцебску нас прымалі з павагай, было сказана многа прыгожых віншаванняў і цёплых слоў.
І. Магрын нават і не падазравала, што за нараджэнне і выхаванне дзяцей ( здавалася б, кажа, звычайная справа для жанчыны) можна атрымаць ордэн.
Аднак сваіх эмоцый жанчына не хавае і з хваляваннем расказвае пра падарункі і кветкі, якія атрымала на святочным мерапрыемстве ў аблвыканкаме, пра цікавы канцэрт і смачны абед.
— Ніколі не думала, што мая сям’я будзе шматдзетнай. Але вельмі шчаслівая, што ў маім жыцці ўсё склалася менавіта такім чынам, — зазначае Ірына Іосіфаўна. — Усе дзеці ў нас з мужам жаданыя і любімыя.
У сям’і Магрын трое сыноў і дзве дачушкі. Старэйшы сын Віталь мае сваю сям’ю і служыць ў падразддзяленні крымінальнага вышуку раённага аддзела ўнутраных спраў. Безумоўна, маці вельмі хвалюецца за свайго «аператыўніка», бо яго служба звязана з рызыкай. Але Віталь самастойны і ўраўнаважаны, калі што робіць, дык абдумана і ўзважана.
Другі сын Яўген са сваёй жонкай жыве разам з бацькамі ў Купчэлях. Дапамагае па гаспадарцы, робіць у кватэры грунтоўны рамонт, акуратны і працавіты.
Дочкі Алёна і Наталля таксама вызначыліся ў жыцці. Адна жыве і працуе на швейнай фабрыцы ў Віцебску, а другая — ва Ушачах у ПМК і завочна вучыцца ў Наваполацкім універсітэце. Дзяўчаты — выдатныя рукадзельніцы, добра шыюць, вяжуць і вышываюць. Гэта ў іх ад бабулі і маці.
Самы малодшы Максім вучыцца ў 4 класе Опсаўскай школы. Па словах Ірыны Іосіфаўны, яму дастаецца больш увагі, чым калісьці старэйшым. Яна зараз на заслужаным адпачынку, таму часу хапае, каб прысвяціць яго і Максіму, і сям’і, і гаспадарку дагледзець. Нягледзячы на вялікую ўвагу да сябе з боку родных, хлопчык з задавальненнем дапамагае маці на агародах ды і бацьку па гаспадарцы.
З гордасцю паказвае жанчына акуратна складзеныя граматы і дыпломы сваіх дзяцей за гады вучобы, а іх нямала, асабліва ў Наталлі. Ды і дзіцячыя вырабы, падарункі з любоўю захоўваюцца ў сямейным архіве.
Вядома, быць шматдзетнай сям’ёй вельмі складана. Калі дзеці былі малыя, даводзілася старанна і скрупулёзна планаваць сямейны бюджэт, каб на ўсё хапіла. Трэба для кожнага было знайсці час, ахутаць увагай і пяшчотай. І ўласная гаспадарка дастаўляе шмат клопатаў. Але заўсёды надзейнай апорай для Ірыны Іосіфаўны быў і застаецца яе муж.
Бацькі сваім прыкладам з дзяцінства выхоўвалі ў дзецях працавітасць і стараннасць, павагу і любоў да сям’і.
Самы шчаслівы дзень для бацькоў,безумоўна, калі ўся сям’я збіраецца разам. На жаль, гэта бывае не так часта, але хвіліны сустрэчы дораць усім шмат радасці, цеплыні і надоўга зараджаюць пазітыўнай хатняй энергіяй.
Вестку пра матуліну ўзнагароду дамачадцы сустрэлі з радасцю, а на прэмію на сямейнай нарадзе вырашылі купіць Наталлі ноўтбук.
Ірына Іосіфаўна, як і іншыя ўзнагароджаныя маці, не зрабіла нейкіх навуковых адкрыццяў, не дасягнула кар’ерных вяршынь. Але, магчыма, зрабілі значна больш — нарадзілі і паставілі на ногі па пяцёра дзетак — дастойных грамадзян нашай краіны. А гэта, пагадзіцеся, тытанічная праца. І шматдзетнае мацярынства можна разглядаць як свайго роду подзвіг.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *