Працоўны шлях пачаўся з “Маяка”

Актуальное

IMG_6811 (Small)Не сакрэт, што многія маладыя людзі, убачыўшы сваё першае месца працы, адразу прыходзяць да высновы, што больш чым на два гады тут не застануцца. Асабліва часта такая тэндэнцыя назіраецца ў сельскай мясцовасці, дакладней, у сельскагаспадарчых арганізацыях. Адных не здавальняе аплата, другіх умовы працы і пражывання. Мая суразмоўніца Ганна Пяткевіч, бухгалтар СВК “Маяк Браслаўскі”, з такімі праблемамі не сутыкнулася. Дзяўчына лічыць, ёй пашанцавала трапіць на сваё першае месца працы менавіта ў гэту гаспадарку.
З дакладнымі навукамі ў школе Аня была, як кажуць, “у ладах”, таму з выбарам прафесіі вызначылася хутка. Для сябе дзяўчына вырашыла, што жадае стаць бухгалтарам, і пасля школы рашуча падала дакументы на спецыяльнасць бухгалтарскі ўлік, аналіз і кантроль Полацкага аграрна-эканамічнага каледжа.
Гады вучобы ляцелі цікава і хутка. Не паспела кажа, кажа вокам міргнуць, як трэба было вызначацца з першым месцам працы. Ганна мясцовая, бацькі жывуць у агр. Опса, таму на практыку дзяўчына вырашыла прыехаць у знаёмы СВК “Маяк Браслаўскі”. Яшчэ тады ёй так спадабаліся адносіны кіраўніцтва гаспадаркі і калектыву да будучага спецыяліста, што пры размеркаванні яна папрасілася ў “Маяк”, якраз і месца знайшлося.
Уражанне ад свайго першага працоўнага месца запамінаецца кожнаму чалавеку назаўсёды. А Аня на маё пытанне, як прыжылася ў гаспадарцы, таксама, не хаваючы эмоцый, радасна адказала: “Мне тут вельмі падабаецца!”.
І гэта заўважаеш адразу: дзяўчына з ахвотай і запалам у вачах расказвае пра свае абавязкі, калектыў, з якім вельмі пашанцавала. Маладая спецыяліст адпрацавала два гады, але пра тое, каб шукаць новае месца працы, нават не думае і пры гэтым дадае: “Мяне тут задавальняе ўсё, дык чаму ж я буду шукаць нешта яшчэ”.
У абавязкі Ганны ўваходзіць той накірунак, які датычыцца аплаты працы, уліку гатовай прадукцыі сталярнага цэха “Злота”, вядзенне будаўнічай дакументацыі, розных справаздач. І няхай яна мае справу, як кажуць, з сухімі лічбамі, але дзяўчына лічыць, што яе работа самая цікавая. Першы час, калі нешта не разумела, дапамагалі старэйшыя калегі. Зараз Ганна ведае сваю працу дакладна, у яе заўсёды ўсё выканана акуратна і ў вызначаны час. А каб павысіць свае прафесійныя навыкі, дзяўчына паступіла ў вышэйшую ўстанову.
З першых дзён працы Ганна Пяткевіч улілася ў культурнае жыццё гаспадаркі. Яшчэ ў школе яна была актыўнай, заўсёды згаджалася ўдзельнічаць у конкурсах, мерапрыемствах і з лёгкасцю магла арганізаваць клас на якую-небудзь справу. Арганізатарскія здольнасці Ганны хутка заўважыла кіраўніцтва, і дзяўчыне прапанавалі заняць пасаду спецыяліста па рабоце з моладдзю.
– За новую справу я ўзялася з ахвотай, вось ужо год займаюся работай з моладдзю. Нямала ў гаспадарцы маладых людзей, таму нам не бывае сумна. Разам рэалізуем ідэі, удзельнічаем у раённых мерапрыемствах, адным словам, без справы сядзець не любім, — дзеліцца Ганна. – Я і сама па жыцці чалавек хуткі, актыўны, і сваёй пярвічцы не даю сумаваць.
І сапраўды, каманда СВК “Маяк Браслаўскі” заўсёды сярод лідараў. Выдатна праявілі сябе маякоўцы ў “Браслаўскай лыжні”, конкурсе “Браслаўскі грыб”. Другі год удзельнічаюць у конкурсе “Санітарных дружын”. Сёлета каманда гаспадаркі стала пераможніцай і атрымала магчымасць прадставіць раён на такім жа конкурсе ў вобласці. Адтуль яны вярнуліся з прыемнымі ўражаннямі і ўспамінамі. Паказалі і добры вынік, з 20 каманд яны сталі сёмымі. Нядаўна давялося абараняць гонар раёна на інтэлектуальным “Брэйн-рынгу”, які ладзіўся ў Паставах паміж работнікамі сельскагаспадарчай галіны розных раёнаў, і зноў маякоўцы паказалі добры вынік – сталі другімі.
Вясёлая, актыўная і жыццярадасная Ганна ўпэўнена: “Неабходна працаваць сумленна. Тады і праца будзе ў радасць”. Няхай агеньчык зацікаўленасці сваёй справай і бадзёры настрой стануць ёй добрымі спадарожнікамі на ўсім працоўным шляху.

Таццяна Пятушка

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *