Пашана — па заслугах

Власть и общество

IMG_8337 (Small)Напярэдадні Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу ў раённым Доме культуры па традыцыі ўшаноўвалі лепшых працаўнікоў сяла. На яго запрасілі пераможцаў раённага спаборніцтва на веснавой і восеньскай сяўбе, корманарыхтоўчага сезона, уборачнай кампаніі, перадавых жывёлаводаў, вопытных і маладых спецыялістаў, кіраўнікоў гаспадарак, ветэранаў вытворчасці.
Да прыезду гасцей у танцавальнай зале нашы перапрацоўшчыкі наладзілі выставу вырабляемай імі прадукцыі (на здымку). Свае вырабы прэзентавалі калектывы філіялаў Глыбоцкага МКК «Браслаўскі малаказавод» і «Браслаўрыба», хлебазавода, каўбаснага і кандытарскага цэхаў спажывецкага таварыства. Варта адзначыць, што перш чым купіць той ці іншы прадукт харчавання, яго можна было прадэгуставаць, што людзі і рабілі даволі ахвотна.
Роўна ў 12 гадзін пад гукі фанфараў вядучыя аб’явілі пра пачатак урачыстасці, а ўдзельнікі гурта «На панадворку» прывіталі усіх задорнай песняй. Затым на сцэну запрасілі старшыню райвыканкама Сяргея Шматава, якому дзяўчаты ўручылі каравай.
Кіраўнік раёна падкрэсліў, што работа працаўнікоў сельскай гаспадаркі ніколі не бывае лёгкай, ім часта даводзіцца працаваць па 12-14 гадзін, у святочныя і выхадныя дні. Але нашы механізатары, жывёлаводы, спецыялісты і кіраўнікі разумеюць важнасць сваёй справы, бо ніводзін жыхар рэспублікі не можа абысціся без вырашчанай і выгадаванай імі прадукцыі, таму прыкладаюць максімум намаганняў, каб у беларусаў заўсёды на стале былі хлеб, мяса, малако нашай уласнай вытворчасці. І з гэтай задачай яны спраўляюцца.
Сяргей Мікалаевіч падзякаваў усім за шчырую самаадданую працу, пажадаў далейшых поспехаў, здароўя і дабрабыту, уручыў пераможцам спаборніцтва ганаровыя граматы, дыпломы і ўдзячныя лісты.
У час узнагароджання перадавікоў асабіста я адзначыў такую акалічнасць: на сцэну выходзілі не толькі вядомыя ўсім у раёне людзі, такія як Віктар Зюрын, Міхаіл Іваноў, Віктар Ваштаевіч, Валянцін Буёнак, Антаніна Маркушонак, Ядзвіга Кажанеўская, Інэса Васілевіч, а і шмат новых людзей, якія ў гэтым годзе атрымлівалі свае першыя ўзнагароды. І радуе, што застаюцца працаваць на зямлі неабыякавыя да яе людзі, а значыць, вёска будзе жыць.
Начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і прадуктаў харчавання райвыканкама Максім Чагарын падвёў вынікі работы сельгаспрадпрыемстваў за 10 месяцаў бягучага года, назваў шмат прозвішчаў перадавікоў, уручыў лепшым граматы і ўдзячныя лісты.
З віншаваннямі да прысутных таксама звярнуліся старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК Мікалай Вялічка, а ад імя шэфаў дырэктар Наваполацкага будаўнічага трэста Аляксандр Каралёнак.
У час цырымоніі ўзнагароджання перадавікоў свае песні і танцы ім дырылі самадзейныя артысты раёна. А ў заключэнне парадавалі і сваім выступленнем дзяўчаты ансамбля «Чараўніцы».
Свята адбылося. Працаўнікоў сельскагападарчай галіны зноў чакаюць напружаныя будні карпатлівай працы.
Аляксандр Азевіч.
На здымку: Сяргей Шматаў уручае Ганаровую грамату Міністэрства сельскай гаспадаркі старшыні СВК “Маяк Браслаўскі” Рамуальду Шукялю.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *