Тата, мама, я – шчаслівая сям’я

Актуальное

IMG_3372 (Small)Пад такой назвай нядаўна ў дзіцячым садзе №3 для выхаванцаў старэйшай групы прайшло мерапрыемства, у якім на роўных удзельнічалі дзеці і іх бацькі.
Яшчэ да пачатку ранішніка была наладжана выстава сямейных захапленняў. Там можна было ўбачыць вырабы з паперы, дрэва, карціны з нітак, пазлаў, стужак, вышыўку і шмат іншых цікавых рэчаў.
Мерапрыемства складалася з некалькіх частак. Спачатку пяць сямей спаборнічалі паміж сабой у спартыўных, інтэлектуальных, забаўляльных конкурсах. Па іх выніках журы раздало кожнай сям’і тытулы. Так, згуртаванай стала сям’я Цімафея Бялько, вясёлай — Паўла Крамарэнкі, дружнай — Іллі Грыга, хуткай — Мацвея Станіслаўчыка, а рамантычнай — Лізы Алеюн.
У другой частцы мерапрыемства дзеці разам з бацькамі дэманстравалі свае таленты. Яны спявалі, танцавалі, удзельнічалі ў інсцэніроўках, конкурсах і рухомых гульнях, чыталі жартоўныя вершы.
На свяце дзеці змаглі паўдзельнічаць у паказе авангарднай моды. Гэты конкурс прадэманстраваў уменне матуль у канструяванні касцюмаў з падручнага матэрыялу і асабліва спадабаўся дзецям, якія хадзілі па імправізаваным подыуме як сапраўдныя мадэлі.
Кульмінацыяй свята стала выстава выпечкі. Малыя частаваліся салодкімі прысмакамі, а іх задаволеныя твары былі самай высокая ўзнагародай для мам.
Дзякуючы карпатлівай рабоце музычнага кіраўніка сада Анжалікі Аніські, выхавальніцы групы Ірыны Баравік, старанню памочніцы выхавацеля Ірыны Гайлеўскай і іншых арганізатараў гэтага свята, зарад бадзёрасці, аптымізму і вясёлага настрою атрымалі дзеці і іх бацькі. І, спадзяюся, гэта дапамагло кожнай сям’і стаць хоць на крыху шчаслівейшай.

Вольга Патаповіч.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *