Па бацькоўскіх слядах

Экономика и финансы

2Лічыцца, што сапраўдны мужчына павінен пабудаваць дом, пасадзіць дрэва і выгадаваць сына. Малады механізатар ААТ “Бярозавы край” Дзмітрый Гадзевіч (на здымку)пакуль не зусім справіўся з усімі трыма ўмовамі. Уласны дом яшчэ знаходзіцца ў стадыі будаўніцтва, і Дзмітрый марыць пасадзіць каля яго не адно дрэва. А вось сына ўжо мае. Алежку 3 годзікі. Але сямейныя клопаты ніколькі не перашкаджаюць Дзмітрыю шчыра працаваць на зямлі. Не прымусіла чакаць і першае прызнанне за шчырую і добрасумленную працу. Сёлета сярод маладых механізатараў раёна Дзмітрый Гадзевіч прызнаны лепшым на восеньскай сяўбе.
Хлопец ніколі не марыў пра гарадское жыццё. Там шум, гам, мітусня. Іншая справа ў вёсцы – свежае паветра, цудоўная прырода, рыбалка. З выбарам прафесіі ён не вагаўся. Пайшоў вучыцца ў Відзаўскі каледж на механізатара. З тэхнікай сябраваў з дзяцінства. Неаднойчы з бацькам, які ўсё сваё жыццё прысвяціў хлебаробчай справе, быў у полі, бачыў, як рыхтуюць глебу да сяўбы, сеюць, убіраюць збожжа.
Напачатку маладому спецыялісту даверылі “МТЗ-80”. Араў, адвозіў зялёную масу. Трактар даглядаў старанна, і тэхніка, хоць далёка і не новая, служыла спраўна. Паломкі стараўся ліквідаваць самастойна, ну, а калі не атрымлівалася, звяртаўся па дапамогу да бацькі.
Ужо праз паўтара года Дзмітрый перасеў на энергаёмісты “Беларус — 3022”. Вясной і восенню механізатар задзейнічаны на падрыхтоўцы глебы, сяўбе, у сезон нарыхтоўкі кармоў – на трамбоўцы зялёнай масы.
Работа ў механізатара не з лёгкіх. У прыпар з раніцы і да позняга вечара ў полі. Але радуе, прызнаецца малады мужчына, што калі добра папрацуеш, то і больш атрымаеш. А грошы цяпер асабліва неабходны, каб хутчэй дабудаваць дом ды абставіць яго мэбляй. Вось і стараецца. У час восеньскай сяўбы сеяў азімыя і рапс. З планавым заданнем спраўляўся добра, затое і зарплату дастойную атрымаў.
Д. Гадзевіч упэўнены, што жыць па-сучаснаму можна і ў вёсцы. Галоўнае – не ленавацца. А прыкладам у працы для яго служыць бацька Валерый Аляксандравіч – вопытны механізатар і хлебароб.
Свой лёс з сельскай гаспадаркай звязаў і малодшы брат Дзмітрыя Віталь. Ён працуе майстрам у “Бярозавым краі”. Вось такая атрымалася ў гаспадарцы дынастыя Гадзевічаў, дзе кожны стараецца працаваць так, каб не зняславіць іншага.

Тэкст і фота Зінаіды Палулех.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *