IMG_8223 (Small)

“Не пакідай мяне” …жыццё

Актуальное

IMG_8223 (Small)Вядомы беларускі драматург Аляксей Дудараў у перадслоўі да адной са сваіх п’ес пра Вялікую Айчынную вайну пісаў: “Калі кожнага савецкага чалавека, які загінуў у барацьбе з фашызмам, ушанаваць мінутай маўчання, то давядзецца маўчаць 38 гадоў”. Сапраўды, вайна прайшла трагедыяй праз не адно пакаленне. І наш абавязак памятаць пра гэта. Таму, лічу, вельмі сімвалічна, што самадзейныя артысты народнага тэатра РДК у чарговы раз звярнуліся да гэтай кранаючай душу тэмы і падрыхтавалі спектакль па п’есе А. Дударава “Не пакідай мяне”.
Прэм’ера спектакля адбылася 9 Мая, а ў чарговы раз гледачы прыйшлі паглядзець пастаноўку напярэдадні Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі. Думаю, што яшчэ неаднойчы можна будзе пабачыць гэты спектакль, тым больш, што ў наступным годзе адзначаецца 70-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка – фашысцкіх захопнікаў.
… Дзеянне адбываецца ў 1944 годзе, калі пачыналася беларуская наступальная аперацыя. Франтавік – разведчык капітан Міхасёў (Яўген Набееў) атрымлівае пад сваё камандаванне спецразведгрупу з чатырох байцоў для выканання асабліва важнага задання, пра якое яму паведамляе палкоўнік (Мікалай Сцяпанаў). Сустрэча з байцамі прыводзіць Міхасёва ў жах. Перад ім чатыры маладыя дзяўчыны – учарашнія школьніцы. Гэта іх трэба “закінуць” у тыл ворага, каб пранікнуць на вузел сувязі варожай арміі і паралізаваць яго работу, тым самым забяспечыць поспех наступальнай аперацыі.
Калі капітан рыхтуе байцоў да задання, яму даводзіцца прапускаць усё праз уласнае сэрца. На месцы гэтых дзяўчат магла апынуцца яго дачка, якая праводзіла яго на фронт са словамі мальбы: “На пакідай мяне…”
Вобразы ўсіх герояў раскрываюцца перад гледачамі паступова. Малодшы лейтэнант Вераніка Крэміс (Таццяна Кука) – яркі сімвал перажыванняў і сілы волі. Яе мутныя вочы пужаюць Міхасёва. Здзіўляе яго і тое, што дзяўчына ўжо два гады не спіць. Развучылася. А развучыла яе спаць гора вайны. Малодшая сястрычка памерла. А пра тое, праз што прайшла сама Вераніка, глядач можа толькі здагадвацца па яе паводзінах, калі гучыць нямецкая песня.
Зусім іншая гераіня з бадзёрым агеньчыкам у блакітных вачах — баец Зіна Бацян (Марына Карач). Не займаць ёй і пачуцця гумару.
Аля Ладысева (Алёна Карпацій), Ядзвіга Гурская (Аня Лявіцкая) – самыя сапраўдныя рамантыкі. Адна піша вершы, а другая – пяе на гэтыя словы песні.
Усе дзяўчаты – вобразы яркія, непаўторныя. Яны яшчэ не зведалі сапраўднага кахання, мараць пра шчаслівае мірнае жыццё, дзяцей. Але ўсе гэтыя дзявоцкія мары абарвала вайна.
Спектакль пранікнуты іх жаданнем жыць. Жыццё. Менавіта да яго звяртаюцца гераіні са словамі “Не пакідай мяне…”
— Як можаш ты пакінуць мяне, калі я яшчэ ні разу нават не цалавалася з хлопцам, — кажа адна. А другая закахалася, у яе будзе сям’я. І капітану Міхасёву не час паміраць, бо ён тры гады не бачыў сваю дачку.
І ўсё ж пры ўсім трагізме спектакль светлы, рамантычны, чысты. Рэжысёр, сцэнарыст, пастаноўшчык Яўген Набееў і акцёры пастараліся зрабіць пастаноўку сапраўды душэўнай і хвалюючай. Думаю, што ў сэрцах гледачоў, а сярод іх былі людзі розных пакаленняў, яшчэ доўга словы “Не пакідай мяне” гучалі як сімвал жыцця.

Зінаіда Палулех.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.