На жоўтым аўтобусе ў школу вязе

Актуальное

IMG_8446 (Small)Што можа быць лепш за вясёлы дзіцячы смех з раніцы у салоне ярка – жоўтага школьнага аўтобуса? Работа вадзіцеля такога віду транспарту тым і адметная, што кожны дзень даводзіцца сустракацца, гутарыць і жартаваць з гарэзлівымі хлопчыкамі і дзяўчынкамі.
— Ад такой работы і сам маладзееш, — прызнаецца ў час нашай размовы вадзіцель школьнага аўтобуса Відзаўскай сярэдняй школы Уладзіслаў Кондрат (на здымку). – З дзецьмі я вяду сябе па-таварыску, магу іх рассмяшыць, падбадзёрыць, нярэдка і па-бацькоўску, калі бачу, што ў некага дрэнны настрой, стараюся падтрымаць. Дзеці – вельмі адчувальныя асобы, яны адразу чуюць фальш ці няпраўду. У мяне з імі ніколі не бывае канфліктаў.
І гэта пацвярджаюць настаўнікі, бацькі, самі дзеці.
Уладзіслаў раней працаваў вадзіцелем у СВК “Агравідзы”, а ў 2005 годзе ўладкаваўся ў школу. Не любы чалавек, які мае вадзіцельскае пасведчанне, можа працаваць на такой пасадзе. Пры прыёме на работу да такіх людзей прад’яўляюцца павышаныя патрабаванні. Да перавозкі вучняў могуць быць дапушчаны людзі з бесперапынным вадзіцельскім стажам не менш за 5 гадоў, якія не маюць супрацьпаказанняў па стане здароўя, без дрэнных прывычак. Усё ж чалавек адказвае за бяспечную дастаўку дзяцей у школу, а пасля заняткаў – дадому. І Уладзіслаў адпавядае ўсім гэтым патрабаванням.
Працоўны дзень У. Кондрата пачынаецца ў 6.30. Перад кожным рэйсам ён уважліва абавязкова праверыць тэхнічны стан аўтобуса, парадак і чысціню ў салоне. Затым праходзіць медагляд і адпраўляецца па маршруце. На лінію вадзіцель выязджае ў 7.00. Напачатку яго шлях ляжыць праз вёскі Канавалы, Маярышкі, Ліпалаты, адкуль ён дастаўляе ў школу першых 20 вучняў. Затым едзе на Ждэгелі. У кожны рэйс у суправаджэнні Уладзіміра Шука, які таксама адказвае за бяспечную дастаўку дзяцей, сочыць у час руху за іх паводзінамі ў салоне. Затым працоўны дзень вадзіцеля працягваецца па сваім распарадку. Запраўка, работа з дакументамі. І ўжо ў 11.00 ён адвозіць пасля заняткаў дадому першакласнікаў, потым вучняў пачатковых класаў і апошнімі – старшакласнікаў. У выхадныя дні Уладзіславу нярэдка даводзіцца прывозіць школьнікаў на спартыўныя, культурныя мерапрыемствы ў Браслаў. Едуць заўсёды, не спяшаючыся, хуткасць руху не павінна перавышаць 60 кіламетраў у гадзіну. Уладзіслаў цярпліва чакае сваіх пасажыраў, радуецца разам з імі поспехам, спачувае, калі не пашанцавала.
Цяпер у У. Кондрата новы аўтобус, яго школа атрымала сёлета. Па ўсіх правілах абсталяваны спецыяльнымі маячкамі, рамянямі бяспекі, з надпісам “Школьны”. Па прызнанні вадзіцеля, у яго не бывае затрымкі, калі патрэбна тая ці іншая запчастка. Аўтобус заўсёды рамантуе сам, бо любіць, каб тэхніка была дагледжанай і спраўнай.
Не ўзнікае ў яго ніколі і канфліктаў з дзецьмі ці бацькамі. Калі, здараецца, нехта спазняецца на пяць – дзесяць хвілін, пачакае. Уладзіслаў Антонавіч, як называюць яго дзеці, ведае нумары тэлефонаў іх і бацькоў. Таму ў любой сітуацыі мае з імі сувязь.
У. Кондрат разумее, што адказвае за самае дарагое – жыццё і здароўе маленькіх пасажыраў, таму да сваіх абавязкаў адносіцца адказна і добрасумленна, за што яго і паважаюць.

Зінаіда Палулех.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *