Курэнне – небяспечная пастка

Актуальное

IMG_8453 (Small)Мерапрыемства пад такой назвай прайшло ў другой школе ў сераду. Яно мела форму прэс-канферэнцыі і было прымеркавана да сусветнага дня адмовы ад курэння. У якасці гасцей арганізатары запрасілі на яго службовых асоб, якія так ці інакш прапагандуюць здаровы лад жыцця і па доўгу службы змагаюцца са шкоднымі звычкамі і іх наступствамі.
Напачатку сустрэчы вучні школы каротка паведамілі прысутным пра гісторыю ўзнікнення тытунекурэння, распаўсюджанне гэтай з’явы па планеце, уплыў нікаціну на арганізм. Юныя географы і біяхімікі грунтоўна акрэслілі вядомыя аспекты праблемы, аднак некаторыя рэчы, агучаныя імі, сапраўды ўражваюць. Так, у свеце кожныя 13 секунд з прычыны курэння памірае адзін чалавек, а агульная маса пакінутых курыльшчыкамі акуркаў дасягае лічбы ў 2 з паловай мільёны тон у год!
Падчас інтэрактыўнага бліц-апытання школьнікі склалі спісы прычын, па якіх варта курыць і не. І колькасць аргументаў “супраць” значна пераважыла. Застаецца спадзявацца, што ў гэты момант нехта ўсё ж такі пераканаўся і цвёрда вырашыў не звязвацца са шкоднай звычкай ці адмовіцца ад яе.
Аднак мерапрыемства праходзіла ў форме прэс-канферэнцыі, таму і пытанняў да кампетэнтных спецыялістаў было шмат. Інфармацыйны голад старшакласнікаў наталялі галоўны санітарны ўрач раёна Вольга Рудакова, урач-валеолаг ЦРБ Генадзь Швец, айцец Анатоль, начальнік ІСН РАУС Валянцін Янковіч, інспектар дзяржпажнагляду РАНС Яўген Пяткевіч, псіхолаг Ірына Глінская. Пытанні да іх былі самыя розныя. Школьнікі цікавіліся, як правільна адмовіць сябрам пры прапанове закурыць, ці існуюць лекі ад нікацінавай залежнасці, якая адказнасць прадугледжана заканадаўствам за курэнне, ці з’яўляецца гэта шкодная звычка смяротным грахом. На ўсе пытанні моладзь атрымала кваліфікаваныя і вычарпальныя адказы. А Генадзь Швец у сваю чаргу яшчэ прывёў сумную статыстыку, якая тычыцца нашага раёна. Згодна з ёй, колькасць хворых на рак лёгкіх, а 90% з іх – курыльшчыкі, выклікае вялізную занепакоенасць. Летась такіх дыягназаў жыхарам Браслаўшчыны было пастаўлена 13, за 10 жа месяцаў бягучага года ўжо 12. Прычым часта захворванне выяўляецца ўжо на апошніх стадыях, што аптымізму, згадзіцеся, не дадае. “Чалавек можа пражыць пэўны час без ежы і нават вады, аднак без паветра – не. Дык навошта мы пазбаўляем сябе магчымасці дыхаць чыстым паветрам і спадзяёмся, што нехта потым нам дапаможа? Пачынайце самастойна клапаціцца пра сваё здароўе і не зазірайце ў чорную скрыню курэння,” – звярнуўся да школьнікаў Генадзь Рыгоравіч.
Напрыканцы сустрэчы прысутныя паглядзелі тэматычны відэаролік, які яшчэ раз заклікаў адмовіцца ад шкоднай звычкі ці ўвогуле не звяртацца да яе. А між тым на вялікім экране большую частку мерапрыемства “вісела” цытата старажытнарымскага філосафа Цыцэрона: “Чалавек сам сабе часта злейшы вораг.” І не паспрачаешся ж…

Вячаслаў Каладынскі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *