Флікер выратуе жыццё

Актуальное

IMG_3430 (Small)Як вядома, большасць дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам пешаходаў адбываецца ў цёмны час сутак. З надыходам асенне-зімовага перыяду аварыйнасць на дарогах павялічваецца ў некалькі разоў. Гэта абумоўлена тым, што заўважыць чалавека, не пазначанага святлоадбівальнымі элементамі, які пераходзіць праезную частку, альбо таго, хто ідзе ці едзе на веласіпедзе па краю дарогі, досыць складана.
У чарговы рэйд з супрацоўнікамі ДАІ Браслаўскага РАУС старшымі інспектарамі ДПС Уладзімірам Лапко і Юрыем Лаўрыновічам, а таксама дзяржаўтаінспектарам Валерыем Жуком выехала 25 кастрычніка. Рэйд быў запланаваны у рамках чарговай акцыі “Стань больш прыкметным у цемры”.
Супрацоўнікі міліцыі асаблівую ўвагу звярталі на пешаходаў, веласіпедыстаў і гужавы транспарт.
Рэйдавая група ў гэты дзень кіравалася ў бок Опсаўскага і Відзаўскага сельсаветаў.
Першай у поле зроку трапіла жанчына, якая ехала па дарозе на веласіпедзе. Уладзімір Лапко пацікавіўся ў жанчыны, ці ведае яна, што веласіпед павінен мець гукавы сігнал і быць абсталяваным люстэркам задняга віду, катафотамі. Жанчына, апусціўшы вочы згодна ківала галавой. А на пытанне інспектара, чаму тады не зрабілі, усё як трэба, адказала : “У мужа ўсё рукі не даходзяць”.
За невыкананне дадзеных патрабаванняў прадугледжаны штраф ад 1 да 3 БВ. Калі жанчына заплаціла 130 000 рублёў, ахоўнікам дарогі паабяцала, што заўтра ўсё будзе ў лепшым выглядзе, бо яшчэ раз аддаваць столькі шкада.
Наступным нашым парушальнікам стаў дзевяцікласнік, які рухаўся па абочыне дарогі насустрач транспарту, але без флікера.
“Прабачце, я больш не буду», — пачулі мы ад хлопца. Як аказалася, выратавальны «агеньчык» у яго быў, але ў кішэні. Малады чалавек разумеў: вінаваты. Пасля папераджальнай гутаркі з прадстаўнікамі дзяржаўтаінспекцыі абяцаў больш не парушаць правілы дарожнага руху.
Потым міліцыянеры спынілі веласіпедыстку, якая ехала дамоў у Відзы-Лаўчынскія. Спераду на яе транспартным сродку не было святлоадбівальніка, ды і па баках таксама. Яна паспрабавала апраўдацца тым, што святлоадбівальнікі былі, але нехта зняў. Калі веласіпед агледзелі лепш, то не знайшлі ніводнай кропачкі, дзе павінны былі быць прымацаваны катафоты. Да таго ж высветлілася, што жанчына мае вадзіцельскае пасведчанне.
Таксама, як вадзіцель, я спытала ў яе: “Няўжо вы не разумееце, што святлоадбівальнікі могуць выратаваць вам жыццё? Калі вечарам едзеце за рулём аўтамабіля, напэўна, успамінаеце “добрым словам” непазначаных імі веласіпедыстаў. А самі ж паўтараеце іх памылкі.”
“Так, — пагадзілася са мной жанчына. Час ад часу не задумваемся, што гэтыя правілы існуюць для нашай жа бяспекі, а не для супрацоўнікаў ДАІ.”
Жыхарка Відзаў ехала ў магазін на веласіпедзе. Яе лёгка было заўважыць ў святле фар: выручала “лёгкая прамысловасць”. Паверх курткі жанчына надзела спецыяльную святлоадбівальную камізэльку. Калі спынілася, сказала, што дома яе чакае трое дзяцей, таму яна ўтрая часцей думае пра бяспеку.
Наш наступны суразмоўца Алег мае значны вадзіцельскі стаж. На маё пытанне, ці даводзілася Сяргею бываць у сітуацыях на дарогах, дзе нервы проста здавалі, адказаў:
— Так, было год таму назад. Па вуліцы, дзе няма пешаходных дарожак, ішоў мужчына, не пазначаны флікерам. Рухаўся чалавек насустрач, па правілах. Але якраз у гэтую хвіліну мяне асляпілі фары сустрэчнай машыны. Заўважыць пешахода і зрэагаваць своечасова атрымалася ў апошнюю секунду. Затармазіў перад самым чалавекам. Акрамя мяне, «на зону трапіць» атрымаў і мой пасажыр.
Выйшлі з машыны , спрабавалі растлумачыць грамадзяніну простыя ісціны, але той так і застаўся пры сваім меркаванні. А калі б не зрэагаваў своечасова, мог і “срок матаць”.
Ужо сцямнела. Аўтамабіль ДПС накіроўваўся ў бок аграгарадка Опса. Раптоўна на дарозе ў некалькіх метрах ад машыны вадзіцель убачыў веласіпедыста і рэзка затармазіў. Ні веласіпедыст, ні яго транспарт не былі пазначаны святлоадбівальнымі элементамі. Да таго ж мужчына быў нецвярозы. Як высветлілася, вяртаўся ён дамоў з дня нараджэння сябра.
На парушальніка склалі пратакол, інспектары пачапілі яму флікер, “здулі” колы веласіпеда (каб той больш не ехаў) і правялі прафілактычную гутарку. Але ці стане гэта ўрокам на будучыню?…
У той вечар супрацоўнікі ДАІ склалі 9 пратаколаў на пяць веласіпедыстаў і чатыры пешаходы, якія грэбавалі ПДР, многія былі папярэджаны.

Вольга Патаповіч.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *