IMG_6813 (Small)

Добры повар доктара варты

Актуальное

IMG_6813 (Small)У сталовай Кансталінскай базавай школы не трэба ўпрошваць дзяцей з’есьці яшчэ лыжачку супу ці пюрэ. Малыя з задавальненнем бягуць сюды на абед, бо ведаюць, што на стале іх ужо чакаюць стравы. А яшчэ заўсёды з ветлівай усмешкай сустрэне Наталля Бесякірская, повар з больш чым 20-гадовым стажам.
Любімая праца дае гэтай прыгожай і ветлівай жанчыне асалоду ад жыцця. У Наталлі ж за 17 гадоў працы поварам у школе з’явіўся свой маленькі сакрэт. Яна лічыць, што ежа, прыгатаваная з душой і добрым сэрцам, дае сілу і ўмацоўвае здароўе школьнікаў. Таму толькі з любоў выконвае свае абавязкі.
Прафесія повара вабіла Наталлю з дзяцінства. Смачнымі стравамі радавала сям’ю бабуля Наталлі, а дзяўчына назірала за тым, як спрытна яна ўвіхаецца на кухні. Калі падрасла, стала і сама спрабаваць сілы ў гатаванні ежы, а лепш за ўсё атрымлівалася розная выпечка. Таму пасля школы дзяўчына без сумнення адправілася паступаць у Віцебскае ПТВ-16 на спецыяльнасць кандытар-повар. Аказалася, што набор у групу ўжо спынены, але дзяўчына не разгубілася і падала дакументы ў эксперыментальную групу повараў нацыянальнай і замежнай кухні, якую набіралі першы год.
Наталля добра вучылася, і ёй падабалася будучая прафесія. Падчас вучобы праходзіла практыку ў лепшых рэстаранах Віцебска. Як адна з лепшых студэнтак яна трапіла ў склад групы, якую адправілі на стажыроўку ў Чэхаславакію. Гэты вопыт Наталля лічыць самым бясцэнным.
З чырвоным дыпломам дзяўчына скончыла вучылішча і па размеркаванні адправілася на працу ў рэстаран г. Лепеля. Але, як аказалася, ненадоўга. Часта прыязджала дадому на Браслаўшчыну, тут і пазнаёмілася з будучым мужам. А праз некаторы час вярнулася ў родныя мясціны назаўсёды. Спачатку працавала ў калгаснай сталовай, а потым Наталлю запрасілі ў Кансталінскую школу.
— Галоўная ацэнка працы повара — гэта тое, з якім апетытам дзеці ядуць, – дзеліцца Наталля. – Калі страва смачная і добра прыгатаваная, нават самыя пераборлівыя дзеці з ахвотай абедаюць. Наш маленькі дружны калектыў сталовай паспявае прыгатаваць стравы для 64 чалавек. Мы стараемся, каб ежа была па-хатняму смачная і каларыйная.
Пра добрага повара ведаюць у навакольных вёсках. Таму, калі трэба прыгатаваць стол на вяселле, народзіны ці юбілей, клічуць на дапамогу Наталлю. Яна ж ніколі не адмаўляецца. Ідэі для прыгатавання бярэ з журналаў ці кніг, а часам проста пачынае эксперыментаваць. І тады з’яўляецца зусім новая страва, якую па традыцыі першымі спрабуюць муж і сын. Жанчына прызнаецца, што больш за ўсё любіць гатаваць розныя салаты, бо тут можна праявіць усю сваю фантазію. А яшчэ стравы Наталлі адрознівае тое, што яны заўсёды ўпрыгожаны.
Пасля работы Наталля спяшаецца дадому. У сям’і Бесякірскіх вялікі зямельны ўчастак, які трэба паспець дагледзець. Прадукцыю ж з яго жанчына потым вязе на рынак. У вольны час Наталля бярэцца за вязанне, яшчэ адну сваю любімую справу, а пакуль вяжа, у галаве нараджаюцца новыя ідэй для наступных смачных страў.
Недарэмна ў народзе кажуць, што добры повар доктара варты. Для Наталлі ж самая лепшая ацэнка, калі яна чуе: “Цёця Наташа, дзякуй за смачны абед”.

Таццяна Пятушка.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.