Дарагое задавальненне

Человек и закон

lin_fgidsНездарма гаворыцца: каб знаў, не прапаў. Магчыма, каб малады жыхар г. Наваполацка спачатку падумаў пра наступствы сваіх учынкаў, у далейшым ён бы не трапіў у залу суда. Няхай жа яго ўчынак стане павучальным для такіх, як ён, аматараў рыбнай лоўлі незаконным спосабам.
У вольны час мужчына вырашыў парыбачыць. Але звычайны спосаб рыбалкі яму не падыходзіў. Чакаць з вудай на беразе возера не хацелася, таму з сабой ён прыхапіў забароненыя сродкі – дзве мярэжы. І адправіўся на возера, што недалёка ад вёскі Дрысвяты, каб іх паставіць.
На наступны дзень у прадчуванні значнага ўлову на спадарожнай машыне мужчына дабіраецца да возера. Узяўшы ў мясцовага жыхара лодку, накіроўваецца туды, дзе ўчора пакінуў мярэжы, а ўжо праз 30 мінут са здабычай вяртаецца на бераг.
Захапіўшыся прыбытковай справай, мужчына і не заўважыў, як да яго паціху падышлі інспектары нацыянальнага парка. Выкліканы былі і супрацоўнікі міліцыі. Падлічылі здабычу: атрымалася 44 ліні і 6 залацістых карасёў. Навапалачаніну нічога не заставалася, як прызнацца ў незаконнай лоўлі рыбы забароненымі прыладамі рыбалоўства, і паказаць, дзе стаяць мярэжы.
У адносінах да яго была заведзена крымінальная справа. Суд улічыў усе абставіны злачынства, і прыгаварыў мужчыну да пазбаўлення волі тэрмінам на адзін год з адтэрміноўкай пакарання. Давядзецца навапалачаніну выплаціць і ўрон у суме 10 000 000 рублёў.
Служба аховы прыроднага багацця спрацавала пільна. А вось аматарам незаконнай рыбнай лоўлі варта задумацца. Дарагім здавальненнем, як у выпадку з навапалачанінам, можа стаць такое крымінальнае аматарства.

Сяргей Галімбоўскі,
намеснік пракурора Браслаўскага раёна.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *