IMG_8203 (Small)

Дакрануліся да ганчарнага майстэрства

Международное сотрудничество

IMG_8203 (Small)У рамках еўрапейскага праекта “Захаванне і прасоўванне культурнай спадчыны паміж Рэзекненскім і Браслаўскім раёнамі” 2 – 3 лістапада ў Браслаўскім музеі традыцыйнай культуры прайшоў двухдзённы пленэр па ганчарным майстэрстве.
Чарговай сустрэчы ўдзельнікаў праекта з абодвух бакоў папярэднічалі праведзеныя конкурсы малюнкаў на ганчарную тэматыку. У латышскіх суседзяў ён праходзіў пад назвай “Падарожжа камякоў гліны па Рэзекне”, у беларусаў – “Беларуская традыцыйная гліняная цацка”. Пераможцы конкурсаў, а гэта школьнікі 10 – 14 гадоў, сустрэліся ў Браславе.
Як зазначыла спецыяліст па знешніх сувязях Рэзекненскай гарадской адміністрацыі Марына Сокалава, латвійская дэлегацыя вельмі хвалявалася перад паездкай у Беларусь. Многія з дзяцей пабылі ў Турцыі, Грэцыі, Егіпце, еўрапейскіх краінах, але ў Беларусь трапілі ўпершыню. Іх адразу прыемна ўразіла гасціннасць браслаўчан. І ўжо праз гадзіну – другую ўсе пасябравалі і госці адчувалі сябе, як дома.
У першы ж дзень правялі трэнінг “Давайце пазнаёмімся”, агледзелі выстаўку “Ганчарства Браслаўшчыны”, пазнаёміліся з работамі вядомых нашых землякоў — Валерыя Зінкевіча, Ларысы Дарафейчык, Руслана Лабуця, Алены Жэбрык. Затым усе мелі магчымасць папрацаваць за ганчарным колам і з дапамогай Ларысы Дарафейчык павучыцца рабіць з гліны розныя дробныя рэчы. А вечарам удзельнікаў пленэра чакала гульнявая дыскатэчная праграма.
З прыемных момантаў пачаўся і другі дзень. Гасцям вельмі спадабаўся невялічкі прывітальны канцэрт “Вітаем, сябры”, дзе з танцавальнымі нумарамі іх віталі вучні СШ №2, беларускія народныя песні выканалі вучаніца гэтай школы Ала Камінская і настаўніца музыкі Аксана Дзярук. Нікога не пакінуў раўнадушным і традыцыйны лялечны тэатр “Батлейка”, з якім латышскія дзеці пазнаёміліся ўпершыню. А затым удзельнікі пленэра зноў працавалі за ганчарным колам і рыхтавалі свае першыя работы да выстаўкі.
Удзельнікі міжнароднага праекта з Рэзекне адзначалі, што засталіся зачараваны прыгажосцю браслаўскага краю, адносінамі да спадчыны продкаў, добразычлівасцю гаспадароў. Для іх было вельмі важна датыкнуцца да культуры краіны – суседкі. Марына Сокалава зазначыла, што такія еўрапейскія праекты карысныя не толькі з пункта погляду творчасці, а і для пашырэння кругагляду. Латвійскія і беларускія дзеці за гэтыя два дні пасябравалі, нават павучыліся танцаваць беларускую “Лявоніху”.
Наступная сустрэча ў рамках праекта пройдзе ў лістападзе ў Рэзекне, і прысвечана яна будзе жывапісу.

Тэкст і фота Зінаіды Палулех.IMG_8198 (Small) IMG_8205 (Small)

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.