Было б жаданне

Актуальное

OLYMPUS DIGITAL CAMERAПасля насычанага і цяжкага школьнага або рабочага тыдня многія маладыя юнакі і дзяўчаты задаюць сабе пытанне: дзе ж мне адпачыць? Нехта ўсе выхадныя праваляецца ў ложку перад тэлевізарам або «завісне» ў камп’ютары, нехта блукае па вуліцы, абмяркоўваючы з сябрамі апошнія навіны. Але ўсё гэта пасіўны адпачынак, які не прыносіць задавальнення для душы і карысці для цела. Дык дзе ж і як можна цікава правесці свой вольны час у маленькім горадзе? Гэтае пытанне абмяркоўвалі ўдзельнікі ток-шоў «Pro моладзь»(актыўная моладзь), якое прайшло ў раённым цэнтры дзяцей і моладзі.

На мерапрыемстве, акрамя вучняў гарадскіх школ і гімназіі, прысутнічалі прадстаўнікі актыўнай крэатыўнай працуючай моладзі нашага горада. Кожны з іх пазнаёміў школьнікаў са сваімі захапленнямі і расказаў, што і ў нас ёсць добрая альтэрнатыва камп’ютару і шкодным звычкам.
Для многіх прысутных было цікава даведацца пра такія незвычайныя для нас віды актыўнага адпачынку, як кайтсёрфінг, страйкбол, сноўбордзінг, убачыць, што такое джамперы. Безумоўна, усё гэта патрабуе грашовых ўкладанняў. Але ж школьнікі ўпэўніліся, што і ў маленькім горадзе ёсць магчымасць заняцца экстрэмальнымі відамі спорту, было б жаданне.
Аматары спакойнага і традыцыйнага накірунку могуць выправіцца ў пешую экспедыцыю або велавандроўку, прымкнуць да аўтааматараў інтэрнэт-суполкі «Браслаў драйв».
Кансультант па пытаннях бізнесу Наталля Мазгавая пазнаёміла прысутных з асноўнымі правіламі паспяховага чалавека і нагадала, што лёс дае нам многа магчымасцей, але шляхі іх рэалізацыі залежаць толькі ад нас саміх .
Так, дзякуючы арганізатару і вядучай гэтага «жывога» і карыснага мерапрыемства Галіне Мядзюха, юныя браслаўчане пазнаёміліся з рэальнымі людзьмі, якія сваім прыкладам паказваюць, што цікавае і насычанае жыццё можа быць ў любым горадзе. Толькі трэба разумна падысці да арганізацыі свайго адпачынку.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *