Браслаў стаў другой радзімай

Актуальное

IMG_8296 (Small)Ёсць людзі, якія ў сілу сваёй адказнасці проста не могуць выканаць даручаныя ім справы дрэнна. Яны ўпарта ідуць наперад і, нягледзячы на цяжкасці і пазбаўленні, ніколі не апускаюць рукі. Адна з такіх Надзея Паўлава – зараз пенсіянер, але ў мінулым актыўны камсамольскі і адміністрацыйны работнік.
Нарадзілася Надзея Афанасьеўна ў г.п. Багушэўск, што на Сенненшчыне, у 1929 годзе. Лёс яе склаўся так, што ўжо ў дзевяцігадовым узросце дзяўчынка засталася круглай сіратой. На выхаванне яе ўзяла бабуля. І толькі маленькая Надзя скончыла чатыры класы, як пачалася вайна. “Ужо 24 чэрвеня Багушэўск бамбілі, бо ён быў даволі буйным чыгуначным вузлом, – узгадвае Надзея Афанасьеўна. – Мы з бабуляй і цёткай уцякалі ў лес і чакалі, пакуль скончыцца налёт. А недзе ў пачатку ліпеня мы ўвогуле пайшлі на ўсход. Пешшу. Днём хаваліся, ноччу ішлі. Ужо тады мне давялося пабачыць жудасці вайны і я зразумела, што маё дзяцінства скончылася.” Разам з іншымі бежанцамі дзяўчынка дабралася да Вязьмы, дзе мірных жыхароў грузілі ў таварныя эшалоны і адпраўлялі далей – у Казахстан. Надзея бачыла, як разбамбілі састаў, што ішоў перад імі, памятае, як незнаёмыя людзі прама на хаду кідалі ў вагоны бульбу і хлеб.
У выніку эвакуацыі дзяўчынка трапіла ў горад Сяміпалацінск, што ў Казахскай ССР, дзе яе размясцілі ў дзіцячым доме. Дарослых адпраўлялі працаваць на заводы. Там працягнулася навучанне, аднак школы давялося часта мяняць, бо ў іх размяшчалі шпіталі для параненых франтавікоў. Піянерка Надзя разам з іншымі школьнікамі ладзілі для салдат канцэрты, насілі па іх просьбах лісты на пошту.
Як толькі родны Багушэўск быў вызвалены, а адбылося гэта ў 44-м, унучка з бабуляй вярнуліся дамоў. Надзея скончыла 10 класаў і паступіла вучыцца на настаўніцу пачатковых класаў. Аднак вучобу прыйшлося кінуць, бо трэба было даглядаць хворую бабулю. Каб здабыць грошы, дзяўчына збірала грыбы, ягады і прадавала іх на станцыі.
Пасля смерці бабулі Надзею забрала да сябе сястра, якая з мужам жыла ў Браславе. Ужо тут яна праявіла сябе як актыўная камсамолка, працавала піянерважатай у Опсе. Выйшла замуж. Пазней пасля вучобы ў Мінску стала загадчыкам школьнага аддзела райкама камсамола. У любое надвор’е Надзея Паўлава ішла па школах. “Транспарту не было, таму амаль заўсёды пешшу. Каб зберагчы абутак, хадзіла босымі нагамі і ўжо перад самым пунктам прызначэння памыю ногі ў возеры і абуюся. Хоць і цяжка было, але зараз я ведаю ўсе нашы вёсачкі і магу працаваць экскурсаводам па раёне,” – жартуе жанчына. Пазней яе абралі другім, а затым і першым сакратаром райкама камсамола, якім працавала да 1958 года.
На працягу наступных 17 гадоў лёс наканаваў Надзеі Афанасьеўне працу ў дзіцячым садку. Затым яна 3 гады была сакратаром гарсавета, а пазней і абрана на пасаду яго старшыні, якую займала да выхаду на пенсію ў 1985 годзе. Як прызнаецца жанчына, яна заўсёды надавала вялікую ўвагу рабоце з камсамолам і ўвогуле маладымі. З актыўным удзелам моладзі рос Браслаў, на месцы балот будаваліся школы і цэлыя жылыя мікрараёны, з’яўляліся стадыёны і помнікі. Амаль усё жыццё аддала Надзея Паўлава Браслаўшчыне і цяпер яна смела называе наш раён сваёй другой радзімай.
Жанчына настолькі прыкіпела душой да Браслава, што нават склала ў яго гонар верш. Яго фрагментам і хацелася б закончыць расказ пра моцнага душой чалавека, які з гонарам пераадолеў наканаваныя лёсам цяжкасці:
Озёра голубые, пшеничные поля,
Леса твои густые, ты – Родина моя.
Тихий, уютный уголок белорусский,
Браслав любимый – мой город-сад.

Вячаслаў Каладынскі.
На здымку: падчас сустрэчы Н. Паўлавай з актывістамі БРСМ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *