Акрэслены перспектывы развіцця Браслаўшчыны

Актуальное

imagesНа мінулым тыдні ў райвыканкаме адбыліся слуханні па пытаннях комплекснай тэрытарыяльнай арганізацыі (КТА) Браслаўскага раёна. Папярэднюю схему КТА, якая з’яўляецца генеральным планам развіцця рэгіёну, прэзентавалі супрацоўнікі аднаго з навукова-даследчых інстытутаў па горадабудаўніцтве, якія і склалі яе па заданні камітэта па архітэктуры і будаўніцтве Віцебскага аблвыканкама. Праект скіраваны на ўстойлівае развіццё рэгіёну, стварэнне спрыяльных умоў для пражывання насельніцтва, дасягненне балансу паміж эканамічнымі, сацыяльнымі і экалагічнымі інтарэсамі. За часовыя рамкі яго рэалізацыі прыняты перыяд да 2030 года.
Варта адзначыць, што ўсе прапановы, уключаныя ў КТА, носяць рэкамендацыйны характар, і толькі час пакажа, наколькі яны будуць рэалізаваны.
Генплан прадугледжвае развіццё нашага раёна як турысцка-рэкрэацыйнага, а сам Браслаў разглядаецца ў перспектыве як турцэнтр нацыянальнага значэння. Па меркаванні спецыялістаў, для гэтага мы маем усе перадумовы: эталонныя для Паазер’я ландшафты, вялікую колькасць натуральных вадаёмаў, значную ўдзельную вагу ахоўваемых тэрыторый, дробнанаселенасць, наяўнасць шматлікіх аб’ктаў гісторыка-культурнай спадчыны.
Згодна з прагнозамі сацяльна-эканамічнага развіцця, колькасць насельніцтва раёна ў бліжэйшыя 10 гадоў стабілізуецца, а да 2030 г. і ўвогуле крыху ўзрасце і складзе больш за 30 тысяч чалавек. Прычым доля гарадскога насельніцтва павялічыцца прыкладна на 12%. Дасягнуць такіх лічбаў плануецца за кошт павелічэння нараджальнасці, скарачэння смяротнасці і змянення напрамкаў міграцыйных працэсаў.
Дзеля стварэння аптымальных умоў для жыццядзейнасці насельніцтва распрацаваны планіровачны каркас сістэмы рассялення. Згодна з ім Браслаўскі раён будзе складацца з трох тэрытарыяльных утварэнняў: Браслаўскага, Відзаўскага і Слабодскага. Такая сістэма дазволіць забяспечыць 30-40-мінутную даступнасць да свайго цэнтра. Падцэнтрамі прапануецца выдзеліць аграгарадкі Ахрэмаўцы, Опса, Друя. Усяго ж у лік асноўных трапілі 29 населеных пунктаў.
Вялікае значэнне генплан надае развіццю сістэмы адпачынку і аздараўлення. Увогуле зона адпачынку “Браслаў” плошчай 52 тыс. га з гадавой колькасцю адпачываючых у 13 тысяч чалавек была створана яшчэ ў 1979 годзе. Праектам прадугледжана павелічэнне зоны і давядзенне межаў амаль да г.п.Відзы.
Каб раён адпавядаў сучасным рэкрэацыйным патрабаванням, неабходна істотна ўдасканаліць матэрыяльна-тэхнічную базу, бо сёння ў нас адчуваецца дэфіцыт аб’ектаў туріндустрыі, грамадскага харчавання, забаўляльных цэнтраў, недасканаласць маршрутаў воднага, “зялёнага”, трансгранічнага турызму. “Кульгае” транспартная дасягальнасць рэгіёну з сістэмай прыдарожнага сэрвісу. Сярод напрамкаў турызму, якія плануецца ў нас развіваць, экскурсійна-пазнавальны, экалагічны, культурна-этнаграфічны, паляўнічы і рыбалоўны, рэкрэацыйны, лячэбна-аздараўленчы і ўжо добра вядомы аграэкатурызм. Нельга абмінуць увагай падтрымку агульнасусветных тэндэнцый, такіх як стварэнне хостэлаў, экавёсак, інфраструктуры для аматараў адпачыць падчас вандровак з аўтадамамі і трэйлерамі.
Аднак эканоміка Браслаўшчыны не можа ўстойліва стаяць толькі на адной назе. Таму КТА мае на ўвазе і развіццё традыцыйных галін гаспадарання. Сярод іх асучасніванне АПК, стварэнне новых і мадэрнізацыя існуючых вытворчасцей, развіццё транспартнай і інжынерна-тэхнічнай інфраструктуры. Усё гэта плануецца рабіць у строгай адпаведнасці з экалагічнымі стандартамі, каб на доўгія гады захаваць прывабнасць нашага краю як чыстай і некранутай зямлі, дзе чалавек жыве ў згодзе з прыродай.
У выніку абмеркаванняў КТА ідэі тэрытарыяльнага развіцця Браслаўскага раёна адобраны як на мясцовым, так і на абласным узроўні. Засталося зацвердзіць праект у адпаведных рэспубліканскіх структурах, тады можна прыступаць да яго рэалізацыі. Як зазначыў напрыканцы пасяджэння намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Давыдзенка, дарогу асіліць той, хто ідзе, а першы крок да вялікіх мэт ужо зроблены.

Вячаслаў Каладынскі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *