IMG_7962 (Small)

Жыццё прысвяціў дарожнай службе

Актуальное Люди

IMG_7962 (Small)Дарожнікі нездарма адзначаюць сваё прафесіянальнае свята разам з аўтамабілістамі, бо гэтыя дзве прафесіі сапраўдны звязаны паміж сабой адной дарогай.
За ДРБУ-142 у нашым раёне замацаваны дарогі мясцовага прызначэння. Усяго каля 860 кіламетраў. У зоне ўсёй сеткі размешчана каля 270 населеных пунктаў. Таму ўсе іх дарожнікам трэба пастаянна падтрымліваць у належным стане, своечасова рамантаваць, займацца добраўпарадкаваннем уздоўж дарог. За 9 месяцаў года бягучы рамонт зроблены на 4,4 км дарожнага палатна. Гэтага, безумоўна, недастаткова. Былі гады, калі такія работы выконваліся на 12 і больш кіламетраў. Але ўсё ўпіраецца ў фінансавае становішча. Фінансаванне скарачаецца, а заробленых сродкаў не хапае, каб накіраваць іх на развіццё вытворчасці і павелічэнне аб’ёмаў.
У складзе ДРБУ-142 і асфальта – бетонны завод у Плябанцах. З пачатку года тут выпушчана каля 5 тысяч тон асфальта-бетону. Цяпер прыступілі да прыгатавання пясчана-саляной сумесі на зімовы перыяд. Усяго яе трэба нарыхтаваць не менш за 11 тысяч тон, пакуль маюць каля 2 тысяч тон. Але час яшчэ ёсць.
У калектыве дарожнікаў, ад якога напрамую залежыць стабільнасць арганізацыі, шмат шчырых і адданых прафесіі людзей. Сярод іх і майстар вытворчага ўчастка Аляксандр Ракель (на здымку). Ён прыйшоў працаваць у ДРБУ-142 у 1981 годзе. Будаўніком тут быў яго бацька Вацлаў Іосіфавіч, які разам са сваімі калегамі будаваў гаражы, узводзіў адміністрацыйны будынак. Аляксандр, яшчэ будучы студэнтам Рыжскага палітэхнічнага тэхнікума, прыйшоў у гэту арганізацыю і не здрадзіў выбранаму больш за трыццаць гадоў таму назад шляху.
Кіраўніцтва дарожнай арганізацыі адгукаецца пра аднаго з найбольш вопытных работнікаў як пра чалавека адказнага, працавітага, добрага арганізатара. У яго падпарадкаванні людзі сабраліся таксама дысцыплінаваныя, сур’ёзныя, якія да справы адносяцца з душой. На заводзе таксама здрабняюць граніт, шчэбень. Тут патрэбна добра ведаць, у якіх суадносінах усё робіцца, кантраляваць якасць прыгатавання сумесей, бо ад гэтага вельмі залежыць якасць пакрыцця дарог, а значыць, і бяспека руху. Але Аляксандр Вацлававіч добра ведае спецыфіку работы на ўчастку, за які адказвае, і ў тых, хто працуе побач, таксама ўпэўнены. Таму на гэтым участку ў такога невялікага калектыву і работа спорыцца, і заўваг ад кіраўніцтва не паступае.
Аляксандр Ракель заўсёды актыўна ўдзельнічае і ў грамадскім жыцці ДРБУ-142. У свой час яго абіралі сакратаром камсамольскай, потым партыйнай арганізацыі, старшынёй прафкама. Грамадская работа адымала нямала часу, але ён выдатна спраўляўся і з ёй, і са службовымі абавязкамі. Таму карыстаўся і карыстаецца павагай і аўтарытэтам у кіраўніцтва і калег.
У 2009 годзе на працу ў гэту дарожную арганізацыю прыйшла працаваць і яго дачка Святлана. Па мэтавым накіраванні ДРБУ-142 яна скончыла БНТУ па спецыяльнасці эканаміст дарожнага будаўніцтва. Маладога спецыяліста тут, як і бацьку, цэняць за добрасумленныя адносіны да працы, камунікабельнасць, актыўнасць, імкненне стаць прафесіяналам высокага класа. Святлана працягвае дынастыю Ракеляў у дарожнай службе і стараецца працаваць так, каб бацьку не было за яе сорамна, а наадварот, каб ён мог ёй ганарыцца. Як некалі самім Аляксандрам ганарыўся яго бацька.

Зінаіда Палулех.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.