З песняй сябруе з калыскі

Актуальное

tjbqEOMPgd0— Колькі сябе памятаю, здаецца, столькі і спяваю, — гаворыць Марына Карач. – У дзяцінстве мне часта мілагучныя песні, калыханкі спявала мама. А ў дзіцячым садку я і сама ўпершыню ў пяць гадоў заспявала, прытым на польскай мове, песню “Каралінка пайшла”. Мне падабалася чуць пахвалу і апладысменты ад дарослых. Вось з той пары я і не развітваюся з песняй.
Сапраўды, Марына Карач яшчэ будучы вучаніцай Дрысвяцкай СШ нярэдка выступала не толькі на школьнай сцэне, але і ў раённым Доме культуры. Неаднойчы была прызёрам і пераможніцай розных раённых конкурсаў. З ёй шмат займалася настаўніца музыкі і спеваў Таццяна Трыдзенская. З кожным годам Марына ўсё больш радавала выступленнямі свайго педагога. Яе талент раскрываўся, як бутон кветкі. Дзяўчына спявала ў школьнай вакальнай групе, у старэйшых класах у вакальнай групе Дрысвяцкага СДК “Званочкі”, затым у “Вярбе”. З самадзейнымі артыстамі ездзіла на песенныя фестывалі ў Польшчу. Таму пасля заканчэння школы выбар, кім быць, перад ёй не стаяў. З будучай прафесіяй вызначылася адразу. Паступіла і паспяхова закончыла Полацкі каледж. Там мэтанакіравана вырашыла больш часу ўдзяляць сольным спевам. Акрамя заняткаў у каледжы, хадзіла ў студыю пры ГДК, бо хацелася паставіць голас, удасканальваць менавіта свае вакальныя здольнасці.
У час вучобы праходзіла практыку і пэўны час працавала ў дзіцячым садзе. Ёй падабалася займацца з дзеткамі, але ўсё ж пасля заканчэння каледжа, калі выдалася магчымасць вярнуцца на Браслаўшчыну, вырашыла не ўпусціць яе. Прыйшла працаваць у раённы Дом культуры, напачатку акампаніятарам, цяпер яна метадыст. У калектыве маладога спецыяліста прынялі гасцінна. Марына хутка ўлілася ў работу. Гледачы часта маглі бачыць яе выступленні на сцэне РДК. Разам са сваёй сям’ёй яна ўдзельнічала ў конкурсе “Тата, мама, я – музычная сям’я”, у складзе маладзёжнай зборнай – у шоу-праграмах “Цудоўная пяцёрка”, “Міс Браслава – 2013”, дзе атрымала званне “Віцэ – Міс”. Сёлета Марына Карач стала пераможніцай абласнога конкурсу беларускай песні “На зямлі святой Сафіі” ў намінацыі “Дэбют”. Спадзяецца, што гэта не апошняя яе перамога, бо наперадзе яшчэ шмат розных конкурсаў, у якіх яна вельмі любіць удзельнічаць. Лічыць, што гэта добрая магчымасць і сябе паказаць, і на іншых паглядзець.
Кожны выхад на сцэне для Марыны Карач – сапраўднае свята. Яна вельмі скрупулёзна падбірае ўборы, каб яны падыходзілі да вобразу. За добры мастацкі густ, якім валодае, вельмі ўдзячна маме, бо менавіта яна прывівала дачцэ пазнаваць яго сакрэты.
Не так даўно ў Марыны з’явілася і яшчэ адно сур’ёзнае захапленне – усходнія танцы. Пачала вывучаць іх у Полацку, цяпер працягвае самастойна. Выступленне Марыны ў новым амплуа браслаўчане маглі бачыць на шоу – праграме “Місіс Браслава – 2013”. Думаю, яно нікога не пакінула раўнадушным.
Як у песнях, якія выконвае М. Карач, так і ў танцах, раскрываецца яе душа. Кожнае слова, кожны рух да дробязей прадуманы і адточаны. А як жа інакш?! Артыст жа павінен умець падарыць тым, хто прыйшоў на мерапрыемства ці на канцэрт, прыўзняты настрой і задавальненне ад убачанага і пачутага. У Марыны Карач гэта атрымліваецца.

Зінаіда Палулех.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *