Выпадковых тут няма

Актуальное

IMG_6151 (Small)У гэтым годзе 5 кастрычніка адной з самых важных і старэйшых службаў Міністэрства ўнутраных спраў — падраздзяленню крымінальнага вышуку — споўнілася 95 гадоў. Гэта свята тых, хто стаяў і стаіць на пярэднім краі барацьбы са злачыннасцю.
Работа ў крымінальным вышуку можна параўнаць з разгадваннем галаваломкі, вырашэннем задачы ці ўраўнення з многімі невядомымі.
Оперупаўнаважаны гэтай службы заўсёды адзін з першых там, дзе ўчынена злачынства, або здарылася бяда, дзе людзі просяць дапамогі. Служба ў крымінальным вышуку —своеасаблівае выпрабаванне для супрацоўнікаў органаў унутраных спраў. Далёка не ўсе вытрымліваюць яго. У гэтым аддзеле працуюць адданыя сваёй справе людзі, гатовыя ў любую хвіліну дапамагчы ўсім, хто трапіў у бяду, рызыкуючы сабой.
Выдатных работнікаў у крымінальным вышуку Браслаўскага РАУС працавала нямала. У розны час гэты аддзел узначальвалі вопытныя і дасведчаныя супрацоўнікі Антон Мічалёў, Васіль Патапаў, Казімір Кавалёнак, Багдан Абрамовіч, Васіль Грыгор’еў, Рышард Самсановіч, Пётр Жалудкевіч. Іх падыход да справы вызначаўся разнастайнасцю форм і метадаў расследавання, а вопыт і традыцыі перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Гэтыя людзі не ганяліся за працэнтнымі паказчыкамі, а добрасумленна выконвалі свой абавязак і дабіваліся высокіх вынікаў у раскрыцці злачынстваў.
Ва ўсе часы падраздзяленне было прафесіянальным і зладжаным. Сёння аддзяленнем крымінальнага вышуку кіруе вопытны супрацоўнік міліцыі Павел Чэпуль. У яго падначаленні працуюць кваліфікаваныя аператыўнікі Святаслаў Паніч, Аляксандр Кіслякоў, Віталь Магрын, Яўген Крумін (на здымку), якія прадаўжаюць эстафету папярэднікаў гэтага аддзела.
— Як правіла, усе аператыўнікі пачыналі сваю дзейнасць участковымі інспектарамі, — расказвае П.Чэпуль. — Менавіта на гэтым участку работы, вельмі блізкім да крымінальнага вышуку, магчыма атрымаць першы вопыт па вышуку злачынцаў, раскрыццю правапарушэнняў. Аператыўнік павінен быць вельмі добрым псіхолагам, каб ўмець наладзіць зносіны з людзьмі, з іх дапамогай сабраць патрэбную інфармацыю. У вышуку выпадковых людзей не бывае. Каб займацца нашай работай, трэба мець прыроджаныя даныя, у тым ліку такія якасці, як настойлівасць у дасягненні пастаўленай мэты, калі хочаце, нюх.
Прафесіяналізм і аператыўнасць, уменне працаваць у камандзе па выкрыцці злачынцаў гарантуюць поспех, падтрымліваюць давер да чалавека ў пагонах. А гэта галоўнае, што патрабуецца для раскрыцця злачынстваў і падтрымання стабільнай сітуацыі ў рэгіёне.
Ужо не адзін год у нашым раёне самы нізкі ўзровень злачынстваў па вобласці.
— Сярод прыярытэтных накірункаў дзейнасці не толькі аператыўна-следчая работа, — адзначае начальнік крымінальнага вышуку. — Немалаважную ролю мы аддаём і папераджальна-прафілактычнай, якая істотна ўплывае на зніжэнне колькасці злачынстваў.
Сённяшні ўзровень падрыхтоўкі міліцыянераў намнога вышэйшы, чым быў раней. Усе маюць вышэйшую адукацыю. Умацоўваецца матэрыяльная база аддзялення крымінальнага вышуку, пашыраецца арсенал спосабаў і метадаў, якія выкарыстоўваюць яго супрацоўнікі.
Злачынцы таксама імкнуцца «спажываць» навейшыя дасягненні чалавецтва, але рана ці позна ўсе яны адкажуць перад законам. Менавіта дзеля гэтага працуюць Павел Чэпуль і яго калегі.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *