Усё лепшае ў вучнях ад настаўніка

Актуальное

Изображение 054 (Small)Справядліва кажуць, што пісьменнік жыве ў сваіх творах, мастак – у карцінах, а добры настаўнік – у думках, учынках і справах вучняў. Ужо больш за 20 гадоў перадае свае веды і дзеліцца жыццёвым вопытам з вучнямі дырэктар Мяжанскай дзіцячы сад-базавай школы Жанна Кіжла. Не адно пакаленне выпускнікоў з удзячнасцю ўспамінае свайго настаўніка і дзякуе яму.
– Родам я з нашых браслаўскіх мясцін, тут і засталася на ўсё жыццё. Як кажуць, дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся, – расказвае Жанна Эдуардаўна. – Мне пашанцавала: маладым спецыялістам накіравалі ў Мяжанскую школу, яна і стала маім родным месцам. Не магу нават уявіць, як бы я працавала ў іншай школе.
Заўсёды цікава даведацца ў чалавека, як ён прыйшоў у сваю прафесію. На выбар адных уплываюць бацькі, другія самастойна выбіраюць шлях. Жанна Кіжла ў большасці схілілася да прафесіі, гледзячы на сваіх педагогаў, з якімі, лічыць, ёй пашанцавала. Многія з іх назаўсёды сталі для яе прыкладам сапраўднага настаўніка.
Малады педагог прыехала ў Мяжаны пасля заканчэння Полацкага педагагічнага каледжа. Працаваць пачынала ў пачатковых класах, але праз год паступіла на завочнае аддзяленне па спецыяльнасці настаўнік беларускай мовы і літаратуры. Тут сваю ролю адыграла любоў да роднай мовы і культуры. І яна ні разу не расчаравалася ў сваім выбары.
Урокі Жанны Эдуардаўны надоўга застаюцца ў памяці вучняў Мяжанскай школы. Працуючы з дзецьмі, яна падбірае да кожнага розныя метады і прыёмы, скіроўвае заняткі на станоўчыя эмоцыі, што дапамагае вучням у самым складаным бачыць простае рашэнне.
Акрамя якаснага выкладання прадмета, педагога заўсёды цікавіла алімпіядная работа. Яна ўмела заўважыць іскрынку таленту ў вучнях, старанна рыхтавала іх, і, трэба зазначыць, імёны яе выхаванцаў заўсёды гучалі сярод лепшых на раённых алімпіядах.
Жанна Эдуардаўна лічыць, што галоўнае – гэта наладзіць цесны кантакт паміж дзіцяці і настаўнікам, толькі тады будзе вынік. А яшчэ яна ўпэўнена: вучань павінен адчуваць, што заняткі патрэбны і яму, і педагогу. Таму, калі ідзе падрыхтоўка да алімпіяды, яна для кожнага знаходзіць час, з задавальненнем школьнікі і пасля урокаў застаюцца, і ў выхадныя дадому прыходзяць, бо ведаюць, што педагог за іх хвалюецца.
І гэта прыносіць плён. Асаблівы гонар настаўніцы – Вікторыя Верпечынскене, якая на абласной алімпіядзе заняла 1 месца, а з рэспубліканскай вярнулася з дыпломам 2 ступені.
– Высокі ўзровень ведаў вучня – красамоўны паказчык самаадукацыі педагога, – зазначае Жанна Эдуардаўна, – бо дасціпныя і цікаўныя дзеці прымушаюць знаходзіцца ў пастаянным творчым пошуку.
За сваю работу вопытны педагог не раз атрымлівала ўзнагароды і чула словы падзякі. У 2012 годзе яна атрымала прэмію старшыні аблвыканкама, узнагароджана граматай старшыні райвыканкама, а ў 2013-м – граматай абласнога ўпраўлення адукацыі.
Жанна Кіжла заўсёды была актыўнай, узначальвала прафсаюзны камітэт, была намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце. Прадстаўляла яна школу і на раённым конкурсе “Настаўнік года”, дзе заняла 3 месца. Магчыма, таму ў 2010 годзе ёй прапанавалі стаць дырэктарам Мяжанскай дзіцячы сад-базавай школы. Ужо тры гады яна займае гэту пасаду, і за гэты час установу не пазнаць. Поўнасцю змянілася тэрыторыя вакол яе, значны рамонт праведзены і ўнутры будынка.
– Наша школа-сад невялікая, усяго 45 вучняў і 7 садаўцаў, але мы як адна дружная сям’я, – дзеліцца Жанна Эдуардаўна. – Я адчуваю падтрымку ад вучняў, бацькоў, сям’і і сяброў. А яшчэ ў мяне цудоўны калектыў, з якім лёгка і проста. Ад гэтага бяруцца сілы і з’яўляецца жаданне ствараць.

Таццяна Пятушка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *