Успаміны пра вайну

Актуальное

Ідуць гады, мінаюць дзесяцігоддзі, але не сціраюцца падзеі Вялікай Айчыннай вайны з памяці людзей. Асабліва тых, каму давялося зведаць яе горыч, цяжар і жахі.
Нам, членам школьнага краязнаўчага аб’яднання, пашанцавала сустрэцца са сведкай падзей радаснага і сумнага для Беларусі 1944-га года – Альбінай Іосіфаўнай Балочка. У наступным годзе ёй споўніцца ўжо 90 год!
Нягледзячы на свой узрост, яна дакладна апавядае пра сваю маладосць і тыя жыццёвыя выпрабаванні, якія ляглі на яе плечы не толькі ў ваенны час, але і ў аднаўленчы перыяд. Альбіна Іосіфаўна з хваляваннем расказала нам, што жыла яна ў вёсцы Мар’янполле. “Калі прыйшоў фронт, тут не засталося ні адной хаты – усё было спалена. Давялося нам пакінуць і каменны склеп. Потым ён стаў прытулкам для параненых савецкіх салдат, іх прывозілі сюды на запрэжаных сабаках. Харчаваліся таксама тым, што гатавалі салдаты.” Так пераплялося жыццё звычайных вясковых людзей і вайскоўцаў. Сёння Альбіна Іосіфаўна не можа ўспамінаць той далёкі час без слёз.
Уразілі нас і яе ўпаміны пра пасляваенныя гады. Разам з бацькам нарыхтоўвала лес для пабудовы новай хаты, збірала зерне па здратаванай вайной раллі. Акрамя таго, Альбіна Іосіфаўна памятае, як тры вялікія ямы каля дарогі ў Мар’янполлі сталі магілай для сотняў салдат. Менавіта тут былі насыпаны курганы і пастаўлены слупы з чырвонымі зоркамі.
Захопленыя апавяданнем Альбіны Іосіфаўны, мы вярнуліся ў школу. Гэта сустрэча яшчэ раз пераканала нас, што падзеі 1944-га года не знікнуць з памяці людской.

Ксенія Фарманіцкая,
Ганна Піртань, навучэнкі Урбанскай сад-сярэдняй школы

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *