111 (Small)

У лясах папрыгажэла

Актуальное

111 (Small)Штогод у нашай краіне ў кастрычніку праводзіцца агульнарэспубліканская экалагічная акцыя “Чысты лес”. Мэта яе — ачыстка лясоў, прыбярэжных тэрыторый вадаёмаў, месц адпачынку ад смецця. Большасць людзей любяць адпачываць на прыродзе, збіраць грыбы і ягады. На жаль, у асобных грамадзян пануе думка, што захоўваць чысціню і парадак трэба дома, на рабоце, у грамадскіх месцах. А ў лесе, дзе няма сведак, можна і не абцяжарваць сябе ўборкай смецця. Дастаткова схаваць у непрыкметным месцы ці скласці яго на вогнішчы — вось і ўвесь парадак. Наступныя наведвальнікі дабавяць яшчэ. І ў хуткім часе ўзнікае звалка. Пры гэтым кожны лічыць сябе не вінаватым, маўляў, не мной пакладзены пачатак сметніка. А асобныя яшчэ і дададуць, што ў лясніцтвах ёсць свой штат работнікаў, дык няхай яны і прыбіраюць, бо чыстае месца ніхто не будзе засмечваць.
Аднак давайце паглядзім на карту раёна. Даступных месц для адпачынку настолькі многа, што ніякая служба з самым вялікім штатам не здолее адсачыць за ўсімі. У дадатак людзі для адпачынку выбіраюць самыя зацішныя куточкі, падалей ад чужых вачэй.
Акцыя “Чысты лес” — гэта падстава для канкрэтных спраў. Сёлета ў ёй прынялі ўдзел работнікі нацыянальнага парка “Браслаўскія азёры”, вучні школ раёна, нераўнадушныя да прыроды людзі. Усяго на ўборку выйшлі каля 450 чалавек. Парадак наводзіўся ў Леснічоўцы, Рацкім бары, парку “Бяльмонт”, па берагах азёр Дрывяты, Бярэжжа, Богінскае, Струста, Снуды, у іншых месцах. У выніку з лясоў і берагоў было вывезена з дзясятак прычэпаў шкла, пластмасы, металалому, гумы і іншага смецця.
Напамінаю жыхарам і гасцям раёна, што, акрамя забароны на засмечванне зямель адыходамі жыццядзейнасці, якая ўстаноўлена па ўсёй рэспубліцы, на тэрыторыі нашага дзейнічаюць і іншыя абмежаванні. У межах нацыянальнага парка “Браслаўскія азёры” і рэспубліканскага гідралагічнага заказніка “Рычы” забаронена распальваць вогнішчы, устанаўліваць палаткі і палатачныя гарадкі, і ўладкоўвацца не адпачынак за межамі спецыяльна абсталяваных турыстычных стаянак. Забаронены рух і стаянка транспартных сродкаў па-за дарогамі. Інфармацыю пра спецыяльныя месцы адпачынку можна атрымаць у прыродаахоўных установах.

Віктар Куель, гал. спецыяліст райінспекцыі ПРіАНА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.