У атмасферы дабрыні і цеплыні

Актуальное

IMG_6082 (Small)Большасць бацькоў, на сваё шчасце, нават і не ведаюць, для чаго патрэбен дэфектолаг у дашкольнай установе. А бацькам, у якіх дзеці маюць парушэнні развіцця, прыйшлося цесна пазнаёміцца са спецыялістамі гэтай галіны. І як важна, каб маленькія, часам спалоханыя і замкнёныя дзеткі трапілі ў рукі чулага прафесіянала. Як многа ад яго залежыць. Пашчасціла тым бацькам, чые асаблівыя дзеці наведваюць гарадскі яслі-сад №1.
Амаль дзесяць гадоў у гэтай установе працуе Карына Міналта. Магчыма, гэта і не такі вялікі тэрмін, але ўжо сёння сярод педагогаў яна лічыцца сапраўдным прафесіяналам.
Карыну Пятроўну знайшла ў кабінеце дэфектолага. Там ішлі заняткі. Хлопчык і дзяўчынка гулялі са сваім выхавацелем, бо толькі праз гульні магчыма дабіцца добрых вынікаў. Ужо з першых хвілін знаходжання ў пакоі я адчула станоўчую аўру, колькі ласкі і пяшчоты свяцілася ў блакітных вачах маладой жанчыны, калі яна размаўляла з дзеткамі.
Яшчэ будучы вучаніцай Плюскай сярэдняй школы дзяўчына марыла стаць педагогам.
— Прыйду са школы, — успамінае сваё дзяцінства Карына Пятроўна, — пераапрануся, паабедаю і пачынаю гуляць «у школу». У мяне быў заведзены класны журнал, дзе я ставіла адзнакі ўяўным вучням.
Па словах К.Міналты, вялікую ролю ў выбары будучай прафесіі адыгралі яе настаўнікі, якіх і сёння ўспамінае добрым словам і шчырай удзячнасцю. Таму пасля заканчэння школы дзяўчына паступіла ў Полацкі педагагічны каледж.
З дыпломам выхавацеля дашкольнай установы Карына прадоўжыла вучобу ў Віцебскім дзяржаўным ўніверсітэце імя П. М. Машэрава па спецыяльнасці настаўніка-лагапеда на завочным аддзяленні. І ўладкавалася на працу выхавацелем ў Браслаўскі яслі-сад №1.
У хуткім часе сваёй дабрынёй, пяшчотай і прафесіяналізмам Карына Пятроўна авалодала сэрцамі маленькіх выхаванцаў, заслужыла павагу сярод бацькоў і калег.
Потым замужжа, нараджэнне сына, а пасля водпуску па доглядзе за дзіцяці на працу вярнулася ў якасці педагога-дэфектолага.
Работа не вельмі лёгкая, паколькі працаваць даводзіцца з дзецьмі, якія маюць асаблівасці псіхафізічнага развіцця. Безумоўна, першы год было вельмі цяжка і складана, але малады спецыяліст з энтузіязмам узялася са справу.
— Карына Пятроўна займае актыўную жыццёвую пазіцыю, — зазначае намеснік загадчыка ясляў-сада №1 па асноўнай дзейнасці Сняжана Ляўчук. — Заўсёды цікавіцца новымі сучаснымі методыкамі і выкарыстоўвае іх у сваёй рабоце. У мінулым навучальным годзе атрымала грамату аддзела адукацыі ў раённым этапе абласной выставы «Сучасныя тэхналогіі ў спецыяльным навучанні».
Маладая жанчына заўсёды ў настроі, нават у адмоўным стараецца знайсці станоўчае, усіх зараджае светлымі эмоцыямі, а ў работу з дзецьмі ўкладвае часцінку сваёй душы.
Дэфектолагу даводзіцца працаваць з моўным апаратам дзетак, — расказвае Карына Пятроўна. — Таму да кожнага з іх трэба знайсці індывідуальны падыход. А для гэтага трэба стварыць атмасферу даверу і дамашняй цеплыні, ставіцца да кожнага дзіцяці як да асобы.
Педагог-дэфектолаг К. Міналта — здольны, творча працуючы спецыяліст. Ставіць перад сабой максімальныя задачы і дабіваецца вынікаў. Яна цесна супрацоўнічае з выхавацелямі і бацькамі, заўсёды знойдзе добрыя і ласкавыя словы для кожнага, хто прыходзіць да яе на заняткі, дасць слушную параду. Але далёка не ўсе бацькі добрасумленна выконваюць парады і рэкамендацыі спецыяліста, што значна перашкаджае дабівацца адпаведнага эфекту.
Знаходзіць Карына Пятроўна час і для свайго пяцігадовага сына. Праз гульні дапамагае яму спасцігаць асноўныя жыццёвыя прынцыпы.
Так з пяшчотай і любоўю у сэрцы да сваіх выхаванцаў Карына Міналта дапамагае ім пераадолець цяжкасці і паверыць у свае сілы.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *