Супрацоўніцтву быць

Власть и общество Международное сотрудничество

1Сёлета сваё пятнаццацігоддзе адзначыла міжнародная грамадская арганізацыя «Еўрарэгіён “Азёрны край”». І вельмі сімвалічна, што менавіта ў Браславе, дзе ў 1998-м годзе было падпісана палажэнне аб трансгранічным супрацоўніцтве паміж Рэспублікай Беларусь, Латвіяй і Літвой, адбылося юбілейнае, 30-е пасяджэнне савета арганізацыі. Як зазначыла кіраўнік праўлення беларускага бюро Еўрарэгіёну Ніна Пучынская, за 15 год свайго існавання “Азёрны край” прайшоў шлях ад невялікага сяброўскага аб’яднання да маштабнай жыццяздольная арганізацыі, якая з’яўляецца сёння выдатнай асновай для міжнароднай дзейнасці і прыцягнення інвестыцый.
На пачатку пасяджэння прысутных вітаў старшыня Браслаўскага райвыканкама Сяргей Шматаў, які каротка расказаў гасцям пра наш раён і яго людзей. Пасля ўдзельнікі мерапрыемства праглядзелі прэзентацыйны фільм пра Браслаўшчыну.
З прывітальным словам да прысутных звярнуліся таксама консул Латвійскай Рэспублікі ў Віцебску Дагнія Лацэ-Ата, генеральны консул Рэспублікі Беларусь у г.Даўгаўпілсе Віктар Гейсік, намеснік начальніка камітэта эканомікі Віцебскага аблвыканкама Канстанін Чорны. Усе яны павіншавалі арганізацыю з юбілеем і выказалі намер працягваць супрацоўніцтва, нягледзячы на крызісы і выклікі сучаснасці.
Пра паспяховыя практыкі Еўрарэгіёну “Азёрны край” дакладалі кіраўнікі сакратарыятаў нацыянальных бюро арганізацыі. Першай слова ўзяла Ілзе Стабулніеце (Латвійскае бюро). Яна зазначыла, што за 15 год свайго існавання Еўрарэгіён, якіх, дарэчы, у Еўропе больш за 180, увабраў у сябе 30 муніцыпалітэтаў з трох краін і рэалізаваў шэраг сумесных праектаў на 15 мільёнаў еўра. Ці трэба казаць, што ўсе яны былі накіраваны на развіццё трансгранічнага супрацоўніцтва паміж Латвіяй, Літвой і Беларуссю?
Пазнаёміла Ілзе прысутных і з асноўнымі вынікамі некаторых праектаў. І яны, трэба сказаць, адчувальныя, хоць і датычацца самых разнастайных сфер – ад будаўніцтва дарог і развіцця транспартнай інфраструктуры ўвогуле да дзіцячых лагераў і ініцыятыў, закліканых захаваць здароўе нацый.
Кіраўнікі сакратарыятаў Літоўскага і Беларускага бюро Еўрарэгіёну “Азёрны край” Ліна Сталяўскене і Наталля Спірыдонава адпаведна расказалі пра ход рэалізацыі стратэгій арганізацыі на тэрыторыі сваіх краін.
Адзін з галоўных вывадаў, зробленых на пасяджэнні савета, – цеснае трансгранічнае ўзаемадзеянне дае свае вынікі на карысць трох дзяржаў. Аднак, каб трывала стаяць на нагах, трэба не толькі плённа працаваць сёння, але і глядзець у будучыню. Таму членам савета была прадстаўлена стратэгія развіцця арганізацыі да 2020 года, у якой галоўнае месца займае рэалізацыя праекта “Трэці крок”. Яго асноўныя накірункі – развіццё турызму, прыгранічны экспарт тавараў і паслуг, інвестыцыйная дзейнасць, падтрымка прадпрымальніцтва, удасканальванне сувязі і транспартнай інфраструктуры, энергаэфектыўнасць, вырашэнне ў рамках магчымасцей экалагічных пытанняў і іншае.
Адным з галоўным дасягненняў дзейнасці Еўрарэгіёну “Азёрны край” справядліва лічыцца падпісанне пагаднення аб спрошчаным прыгранічным руху паміж Латвіяй і Беларуссю. Як зазначыў Аляксей Буйніч, намеснік камандзіра Полацкага пагранатрада, яно з’яўляецца зручным і дзейсным механізмам перасячэння мяжы для жыхароў прыгранічных раёнаў. Каб пацвердзіць актуальнасць сказанага, варта прывесці адну лічбу: толькі за 9 месяцаў бягучага года ў рамках пагаднення мяжу перасеклі 62000 разоў. Па словах А. Буйніча, такі стан спраў станоўча ўплывае на сацыяльна-эканамічнае развіццё прыгранічных рэгіёнаў, садзейнічае ўмацаванню культурных, турыстычных і іншых сувязей.
Вялікія надзеі звязваюць пагранічнікі, ды і не толькі яны, з адкрыццём пункту спрошчанага пропуску “Плюсы”, які рэканструіруецца ў рамках праекта “Суседская дарога”. Яго адкрыццё, па меркаванні многіх, яшчэ больш зблізіць беларусаў і латвійцаў.
Прынялі на пасяджэнні і рашэнне, якое тычыцца ўваходу ў арганізацыю новага члена – Полацкага раёна. Новым яго можна назваць толькі адносна, бо сам горад Полацк даўно і трывала ўваходзіць у склад “Азёрнага краю”. Аднак нядаўнае аб’яднанне адміністрацыйных адзінак патрабавала правесці такую працэдуру.
Неафіцыйная частка мерапрыемства ўключала аглядную экскурсію па горадзе, наведванне музея традыцыйнай культуры, гімназіі і Замкавай гары. А ў гарадскім скверы па вуліцы Булойчыка адбылася ўрачыстасць, падчас якой словы ўдзячнасці прымалі тыя, хто стаяў ля вытокаў арганізацыі ва ўжо далёкім 98-м. Гэта Гунар Упеніекс, старшыня Краслаўскай краёвай думы (Латвія), Сандра Іонікане, спецыяліст па знешніх сувязях Рэзекненскай гарадской думы (Латвія), Броніс Ропе, старшыня Ігналінскага самакіравання (Літва), Алгірдас Гілдутас, загадчык аддзела па стратэгічным планаванні і кіраванні інвестыцыямі адміністрацыі Уценскага раённага самакіравання (Літва), Ніна Пучынская, старшыня Браслаўскага раённага Савета дэпутатаў і Раман Журня, дырэктар ДУА “Урбанская сярэдняя школа-сад”. Яны атрымалі сувеніры і права адкрыць
памятныя знакі – дзве лавачкі побач з ужо вядомым браслаўчанам камянём.
Такім чынам, Еўрарэгіён “Азёрны край” за 15 гадоў свайго існавання даказаў сваю жыццяздольнасць і эфектыўнасць. Зроблена многае. Але яшчэ больш добрых спраў наперадзе. Таму чырвонай ніткай праз усё мерапрыемства праходзіла сцвярджэнне: “Супрацоўніцтву быць!”. І нешта падказвае: будзе яно яшчэ больш плённым.
Чарговае пасяджэнне савета арганізацыі пройдзе ў наступным годзе ў горадзе Уцена (Літва).

Вячаслаў Каладынскі.
Фота аўтара.IMG_7647 (Small) IMG_7670 (Small) IMG_7674 (Small) IMG_7677 (Small) IMG_7682 (Small) IMG_7685 (Small) IMG_7715 (Small) IMG_7718 (Small) IMG_7727 (Small) IMG_7734 (Small) IMG_7742 (Small) IMG_7750 (Small) IMG_7753 (Small) IMG_7765 (Small)

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *