Прыёмная сям’я для дзядулі

Актуальное

IMG_6407 (Small)«Божа, не пакінь мяне ў старасці ў адзіноцтве…» Цяпер, як і раней, — гэта самая распаўсюджаная просьба да Бога. Але далёка не ўсім састарэлым напрыканцы жыцця шанцуе адчуць клопат родных і мець добры догляд.
На шчасце, Івану Хмяльніцкаму лёс падарыў чулага і душэўнага сацыяльнага работніка Святлану Стому, і ўжо чатыры гады ён жыве ў хаце сваёй апякункі.
Іван Міхайлавіч — інвалід дзяцінства, і так склалася жыццё, што застаўся зусім адзін у вялікім былым панскім доме. Маці даўно памерла, брат і сёстры раз’ехаліся.
А калісьці сям’я трымала вялікую гаспадарку, ды і сам І. Хмяльніцкі з 15 гадоў з дапамогай свайго роднага дзядзькі даглядаў аж 30 вулляў. На мыліцах ён цягнуў свае непаслухмяныя ногі на пчальнік, дзе з радасцю завіхаўся каля сваіх крылатых сябровак.
— Мёду было заўсёды многа, — успамінае Іван Міхайлавіч, — збіралі па 500 кг. Потым дзядзька вазіў яго прадаваць у Даўгаўпілс, Ленінград. Бывала, і сам запрагу каня і вязу мёд у Латвію на продаж. Сам ніколі не адносіўся да сябе як да інваліда, таму і астатнія трымаліся са мной, як з роўным.
Ішоў час, застаўся адзін, падышла старасць, а разам з ёй і немач. Вось так І. Хмяльніцкі стаў падапечным сацыяльнага работніка Святланы Стома.
Больш за дзесяць гадоў жанчына абслугоўвае адзінокіх дзядуляў і бабуль ў Дрысвятах і бліжэйшых паселішчах, а самае далёкае з іх за 7 км. За тыдзень у кожнага трэба пабываць па некалькі разоў. Безумоўна, найбольш складана зімой, калі дарогі завее, ды і работы ў хаце прыбаўляецца. Трэба снег пачысціць, дровы нанасіць, печ выцепліць, есці прыгатаваць.
— Прызвычаілася я да сваіх падапечных, а яны — да мяне, — расказвае Святлана. — Як за родных сэрца баліць. Трэба бачыць, як яны радуюцца майму прыходу. Ды і зразумела, што ўсім ім не хапае ўвагі і цеплыні. Часам не столькі трэба дапамога, колькі проста хочацца пагаварыць, адвесці душу.
Іван Міхайлавіч, успамінае С. Стома, быў вельмі худы і нагадваў хворага нямоглага падлетка.
Таму сацыяльны работнік, акрамя сваіх прафесійных абавязкаў, старалася пабалаваць старога смачнай хатняй стравай, часцей прыйсці да яго, добра, што жылі недалёка адзін ад аднога. Муж Юрый прыводзіў падапечнага жонкі на святы да сябе ў хату. Цікавы субяседнік, гаваркі, з добрым пачуццём гумару, прыгожым голасам Іван Міхайлавіч спадабаўся і палюбіўся ўсёй сям’і.
А калі заўважылі, што старому ўсё цяжэй самога сябе абслугоўваць, на сямейным сходзе вырашылі забраць яго да сябе. Для «прыёмнага дзядулі» выдзелілі асабісты ўтульны пакой. Ксёндз Зэнан, які наведаў сям’ю ў час Калядных свят, падарыў інвалідную каляску. Але самае галоўнае для І. Хмяльніцкага — гэта пяшчота і супакой, якія ён адчуў у хаце чужых людзей.
— А вы самі не шкадуеце, што пераехалі? — цікаўлюся ў «прыёмнага дзядулі».
— Не. Мне тут вельмі добра, — са слязьмі на вачах гаворыць Іван Міхайлавіч. — Ем і сплю, калі захачу, ніколі не чуў у свой адрас ніводнага дрэннага слова. Гэта сям’я стала для мяне роднай і блізкай.
І як пацвярджэнне гэтых слоў, падчас нашай гутаркі я назірала, як маленькі Паўлік, унук Святланы Міхайлаўны, не адыходзіў ад «дзядулі» і намагаўся забрацца да яго на калені, каб пакатацца на калясцы. А «дзядуля» з радасцю забаўляецца з малым, расказвае казкі, спявае песні, якіх ведае вельмі многа.
А яшчэ Іван Міхайлавіч перадае свайму апекуну веды і вопыт па доглядзе за пчоламі, каб Святлана змагла заняцца гэтай справай сур’ёзна. Пакуль ў жанчыны не ўсё атрымліваецца, але пад кіраўніцтвам такога вопытнага пчаляра, яна абавязкова асвоіць гэтую прамудрасць.
У далёкія часы быў звычай, што сем’і, дзе старых не было, абавязкова запрашалі ў дом адзінокую бабульку або дзядулю. Яны па меры сваіх сіл дапамагалі «прыёмнай сям’і», няньчылі дзяцей, дзяліліся сваімі ведамі, давалі парады. Згадзіцеся, добрая традыцыя!
Безумоўна, не проста прывесці чужога чалавека ў свой дом: у кожнага свае звычкі, патрабаванні. Тым не менш Святлана і Юрый Стома працягнулі руку дапамогі і стварылі ўсе ўмовы, каб старасць адзінокага Івана Міхайлавіча Хмяльніцкага прайшла ў хатняй абстаноўцы.
Хочацца спадзявацца, што старадаўняя традыцыя стане звычайнай у сучасным жыцці.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *