Міфы пра замужніх жанчын развеяны

Власть и общество

IMG_7955 (Small)1У гэтым пераканаліся ўсе, хто ў нядзелю, 20 кастрычніка, прыйшоў у РДК на шоу – праграму “Місіс Браслава – 2013”. І гэта даказалі сем удзельніц – канкурсантак – Вольга Мужава, Святлана Прахарэнка, Марына Анецька, Таццяна Шапялюк, Марына Жалняровіч, Алёна Шпак і Алена Вапручкова. А дапамагалі маладым абаяльным жанчынам здзіўляць гледачоў сваімі талентамі, зачароўваць абаяльнасцю і непаўторнасцю іх дзеці.
Зазначу, вельмі сімвалічна, што шоу “Місіс Браслава” завяршала святочны тыдзень, прысвечаны Дню маці. Яшчэ загадзя да гэтага мерапрыемства былі прададзены ўсе білеты. У зале, як кажуць, не было дзе яблыку ўпасці. Дарэчы, практыка паказвае, што ўсе забаўляльныя праграмы, у якіх удзельнічаюць браслаўчане, заўсёды выклікаюць у землякоў вялікі інтарэс і праходзяць з аншлагам.
Фінальнаму шоу папярэднічалі кастынг, штодзённыя рэпетыцыі. Кожная з мам старалася раскрыць свае здольнасці, каб здзівіць не толькі журы, але і родных, знаёмых, сяброў.
Перад пачаткам мерапрыемства ў фае РДК была разгорнута выстаўка – дэгустацыя кулінарных вырабаў канкурсантак. Гледачы мелі магчымасць паспрабаваць выпечку, але нават не здагадваліся, хто яе прыгатаваў. Чые ж прысмакі найбольш спадабаліся, трэба было прагаласаваць спецыяльным жэтонам. Забягаючы наперад, скажу, што найбольш галасоў было аддадзена за саладосці Таццяны Шапялюк.
І вось шоу пачалося. У час першага дэфіле “Дзелавы касцюм” усе больш блізка пазнаёміліся з удзельніцамі, іх жыццёвым крэдам. Кожная з маладых жанчын прадставіла сябе дастойна і ўжо з першых мінут на сцэне пачала заваёўваць сімпатыі гледачоў і журы.
Конкурс сабраў людзей розных прафесій – ідэолагаў прадпрыемстваў горада, медсястру, бухгалтара, хатнюю гаспадыню, але ўсіх іх аб’ядноўваў ганаровы статус мам.
Затым канкурсанткі развеялі міф, што з гадамі жанчыны губляюць сваю абаяльнасць і шарм. Выхад ва ўборах у іспанскім стылі ў чырвона-чорнай гаме з веерамі ў руках прымусіў гледачоў яшчэ раз упэўніцца ў іх прывабнасці, гарачым тэмпераменце.
Не спасавалі яны і перад арыгінальнымі пытаннямі вядучых. З асаблівай лёгкасцю адказвалі на тыя, што датычылі дзетак.
У тым, што ў замужняй жанчыны, акрамя кухні і парадку ў даме, ёсць і іншыя інтарэсы, можна было пераканацца ў час правядзення конкурсу талентаў. Праўда, тут больш сваімі здольнасцямі здзіўлялі дзеці маладых мам, якія спявалі, танцавалі, ігралі на музычных інструментах. Гэта яшчэ раз даказвае, што сучасныя жанчыны паспяваюць ва ўсім – і есці прыгатаваць, і ў доме ўбраць, прывабна выглядаць і дзетак адвесці ў гурткі па інтарэсах ці на заняткі ў школу мастацтваў.
У самых нечаканых вобразах канкурсанткі паказалі сябе і ў дэфіле “Гаспадыня ХХІ стагоддзя”. Афіцыянтка, Чырвоная Шапачка, пантэра, медсястра, супер – мама…Да таго ж яшчэ трэба было і патлумачыць, чаму выступаюць менавіта ў такой ролі. І з гэтым заданнем усе справіліся паспяхова, у чарговы раз проста феерычна развеялі яшчэ адзін міф пра замужнюю жанчыну.
Цудоўную фантазію, элегантнасць прадэманстравалі браслаўскія жанчыны – маці ў час паказу калекцыі “Таямнічая ледзі”. Дарэчы, галаўныя ўборы і атрыбуты да касцюма былі зроблены іх уласнымі рукамі. Думаю, са мной пагадзяцца ўсе гледачы, што відовішча атрымалася не проста загадкавым, а шыкоўным.
Уразілі ўдзельніцы конкурсу і ў дэфіле “Тысяча і адна ноч”. Мамы паказалі сябе сапраўднымі ўсходнімі прынцэсамі, якія да таго ж выдатна ўмеюць танцаваць.
Нарэшце ўсе міфы пра замужніх жанчын былі развеяны. Але конкурс ёсць конкурс. І ў ім павінен быць той, хто атрымае ганаровы тытул “Місіс Браслава – 2013”, а разам з ім галоўны прыз – плазменны тэлевізар. Перад тым, як журы вынесла свой вердыкт, вядучыя агучылі імёны спонсараў, якія дапамаглі ў правядзенні мерапрыемства. Гэта прадстаўнікі гандлёвых марак “Бош” і “ДЭУ ГАЗ БОЛЕР”, грамадскія аб’яднанні “Белая Русь” і “Беларускі саюз жанчын”, касметычная кампанія “Арыфлэйм”, салон вясельных убораў “Архідэя”, карпарацыя прыгажосці і здароўя “Тианде”, індывідуальныя прадпрымальнікі Валянціна і Леанід Яроцкія, Ірына Шакур, інтэрнэт – партал “Kraj. By”, рэдакцыя раённай газеты “Браслаўская звязда”. Ад кожнага з іх прызы атрымалі розныя канкурсанткі.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў Ніна Пучынская, яна ж узначальвае раённую арганізацыю грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын”, уручыла дыпломы і прызы кожнай з удзельніц шоу – праграмы ў намінацыях – “Місіс талент” – Алёне Шпак, “Місіс зачараванне” – Марыне Анецька, “Місіс арыгінальнасць” – Вользе Мужавай, “Місіс абаяльнасць” – Алене Вапручковай, “Місіс грацыя” – Святлане Прахарэнка, “Місіс элегантнасць” – Марыне Жалняровіч. А тытул “Місіс Браслава – 2013” і галоўны прыз атрымала Таццяна Шапялюк.
Асобна хачу сказаць, што ў ролі рэжысёра – пастаноўшчыка, сцэнарыста, харэографа шоу – праграмы выступала Святлана Кажапенька. Ёй удалося ўвасобіць у гэтым мерапрыемстве самыя найлепшыя ўяўленні, якія выклікаюць словы сучасная жанчына – маці, прадэманстраваць свой высокі прафесіяналізм і арганізатарскія здольнасці. Шоу атрымалася яркім, відовішчным, запамінальным і кранаючым душу.
Цудоўны святочны настрой у гэты дзень дапамагалі ствараць самадзейныя артысты. Іх песні былі пра маму, каханне – вечныя тэмы, якія нікога і ніколі не пакідаюць раўнадушнымі.

Зінаіда Палулех.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *