Матуліна шчасце

Актуальное Люди

IMG_7841 (Small)У Беларусі мацярынства адзначаецца высокімі ўзнагародамі. Самая галоўная – ордэн Маці, які ўручаецца жанчынам, што нарадзілі і выхавалі пецярых і больш дзяцей. На Віцебшчыне ёсць і ўласныя магчымасці для ўшанавання лепшых маці. З мэтай павышэння прэстыжу мацярынства і ўмацавання інстытута сям’і, яе маральных асноў, станоўчых сямейных традыцый і каштоўнасцей, прапаганды вопыту ў выхаванні дзяцей аблвыканкам зацвердзіў прэмію імя Героя Савецкага Саюза Зінаіды Тусналобавай – Марчанкі. Яе лаўрэатамі ўжо сталі 347 жанчын вобласці. Сёлета такую ўзнагароду атрымала і браслаўчанка Дзіяна Янковіч.
У сям’і Дзіяны і Валерыя Янковічаў чацвёра дзяцей. Выхоўваюцца яны ў атмасферы дабрыні, бацькоўскай ласкі, узаемаразумення. Кожны з дзяцей – індывідуальнасць, а для мамы і таты яны самыя любімыя, разумныя і паслухмяныя. Старэйшы Андрэй вучыцца ў адзінаццатым класе Мількаўскай школы. Справа ў тым, што бацькі да гэтага часу жылі ў вёсцы і таму вырашылі, што сыну лепш закончыць тую школу, якая стала за столькі гадоў яму роднай. Пра Андрэя мама кажа, што ён юнак са шматлікімі інтарэсамі, але наколькі хутка загараецца той ці іншай ідэяй, настолькі хутка і “згарае”. Але ўвогуле хлопец добразычлівы, працавіты. Жыве цяпер з бабуляй і дзядулем і ва ўсім дапамагае па хатняй гаспадарцы.
Сяргей – вучань 7 класа гімназіі. Сур’ёзны, уседлівы, мэтанакіраваны. Калі нешта намеціў, абавязкова зробіць. Цяпер хлопец – галоўны мамін памочнік у выхаванні малодшых сястрычкі і браціка. А яшчэ Сяргей вельмі любіць майстраваць, вучыцца многаму ў бацькі.
Любіміцай, каралевай называюць у сям’і пяцігадовую Лізавету. Яна адзіная дзяўчынка ў сям’і, і таму ўсе яе песцяць. Ліза разам са сваім малодшым брацікам Мацвеем наведваюць дзіцячы сад. З задавальненнем займаюцца там маляваннем, спевамі, любяць танцаваць. У адрозненнем ад усіх, Мацвей – хлопчык гарэзлівы, ні мінуты не можа пасядзець на месцы.
На ўрачыстасць, якая праходзіла ў Дзень маці ў Віцебскім аблвыканкаме, Дзіяна ездзіла са старэйшымі сынамі. Усім вельмі спадабаўся прыём. Шматдзетная ж мама прыехала дадому не толькі з прыемнымі ўражаннямі, але і ганаровым дыпломам і шыкоўным букетам кветак.
— Мае дзеці таксама ўсе, як кветачкі. З кожным годам расцвітаюць усё ярчэй, — гаворыць Дзіяна. – Вельмі хачу, каб выраслі яны, у першую чаргу, шчырымі і добразычлівымі людзьмі, няважна нават, якую адукацыю атрымаюць. Мару, каб паважалі адзін аднаго, дапамагалі, падтрымлівалі ў цяжкую хвіліну. А наколькі важная падтрымка і разуменне родных людзей у розных жыццёвых сітуацыях, Дзіяна і Валерый ведаюць не па расказах. Самі са шматдзетных сямей.
— І якое ж гэта шчасце, калі можна ў любую хвіліну “паплакацца” сёстрам ці братам, падзяліцца радасцю ці расказаць пра непрыемнасці. Заўсёды ведаеш, што цябе зразумеюць, — кажа Дзіяна Янковіч.
Разам Янковічы ўжо 17 гадоў. Пазнаёміліся, калі Дзіяна прыехала на працу заатэхнікам у тагачасны калгас імя Кірава, а Валерый працаваў землеўпарадкавальнікам у Цяцеркаўскім сельсавеце. Маладыя адразу спадабаліся адзін аднаму, хутка згулялі вяселле. Жывуць, як кажуць, душа ў душу. А прыкладам у іх сямейных адносінах служаць бацькі, якія пражылі ў ладзе і згодзе амаль пяцьдзясят гадоў.
У 2010 годзе сям’я пабудавала трохпакаёвую кватэру ў ЖБСК па льготным крэдыце. А пры нараджэнні чацвёртага дзіця яго поўнасцю аплачвае дзяржава. Цяпер Янковічы абстаўляюць сваё жыллё новай мэбляй, стараюцца, каб усім было зручна і камфортна.
Да гэтай пары часта ездзяць у вёску, бо там яшчэ засталася гаспадарка, з якой пакуль не жадаюць расставацца. У вольны час, хоць яго выпадае не так і многа, Дзіяна любіць шыць, вязаць, кулінарыць. Дзеці з задавальненнем ласуюцца яе выпечкай.
— Дзеці – гэта сапраўднае шчасце. А ў нашай сям’і гэта шчасце, памножанае на чатыры. Таму мы з мужам з поўнай упэўненасцю можам сказаць, што мы – шчаслівыя бацькі, — кажа на развітанне Дзіяна.

Зінаіда Палулех.
На здымку: Дзіяна Янковіч з дзеткамі Лізаветай, Мацвеем і Сяргеем.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *