Лёгкай работы не бывае

Люди

IMG_6295 (Small)Сёння пошта гаворыць на некалькіх тысячах моў сваіх кліентаў і ўяўляе з сябе самую працяглую ў свеце сетку фізічнай дастаўкі пошты.
Паштальён — гэта вандроўнік, толькі падарожнічае ён па строга вызначаным маршруце.
Каб бліжэй пазнаёміцца з працай сельскіх паштавікоў, напярэдадні Сусветнага дня пошты я завітала да Валянціны Шыдлоўскай. Ужо 31 год яна працуе паштальёнам Плюскага вузла паштовай сувязі. Штодзень, акрамя двух выхадных, Валянціна Міхайлаўна з цяжкай сумкай на рамяні спяшаецца да сваіх адрасатаў. І ў кожным доме яна жаданы госць, бо ад яе чакаюць не толькі газеты, часопісы, паштоўку ад родных або пенсію. Яшчэ людзі просяць даставіць розныя тавары з аддзялення сувязі, прыняць плату за мабільны ці хатні тэлефон. Іншыя ж чакаюць ад паштальёна проста цёплага слова.
Сама В. Шыдлоўская родам з Міёрскага раёна. У в.Плюсы прыехала разам з мужам на яго радзіму. І адразу ўладкавалася на працу ў мясцовы паштовы вузел.
— Спачатку было вельмі цяжка, — успамінае свае першыя дні працы Валянціна Міхайлаўна. — Не ведала мясцовасці, людзей. Бывала, што пераблытаю, каму што несці, часам і слёзы наварочваліся ад адчаю. Але думак, каб кінуць работу не было. Заўсёды на дапамогу прыходзіў мой муж, і разам з ім разносілі пошту.
Так паступова маладая жанчына вывучыла свой маршрут, бліжэй пазнаёмілася з людзьмі, ды і яны прызвычаіліся да свайго паштальёна.
На маё пытанне, ці складаная сёння работа паштальёна, В. Шыдлоўская адказвае: «Хто не хоча працаваць — таму ўсюды цяжка, а зусім лёгкай работы не бывае».
У любові і згодзе выхавалі з мужам траіх дзяцей, маюць аднаго ўнука. А яшчэ сям’я трымае даволі вялікую гаспадарку, на якую затрачваецца шмат часу і сіл.
Па натуры Валянціна Міхайлаўна добры, чулы і спагадлівы чалавек, стараецца заўсёды як мага паўней задавальняць просьбы сваіх кліентаў, каб людзі заўсёды мелі ў сваім доме ўсё, што ім неабходна.
Прызвычаілася жанчына і да непагоды: апранае плашч і рушыць у дарогу, бо, нягледзячы на дождж ці завіруху, абаненты павінны атрымаць своечасова сваю пошту.
— Дзякуючы гэтай рабоце, ніколі не сяджу на месцы, — дзеліцца сваімі думкамі паштальён. — Тут табе і прагулкі на свежым паветры, і ёсць час паразважаць па дарозе пра жыццё. Ды і радуе, што з людзьмі можна пагутарыць.
Вось так у пастаянных клопатах і праходзіць жыццё — хуткае, насычанае, непрадказальнае. Але і цікавае. Яно кожны дзень прыносіць паштальёну штосьці новае і пацвярджае, што Валянціна Міхайлаўна патрэбна аднавяскоўцам.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *