Галоўны ў вёсцы – старэйшына

Актуальное Люди

IMG_6649 (Small)Сачыць за парадкам на вуліцах, асвятленнем і станам дарог, тымі, хто злоўжывае алкаголем і не жадае працаваць, за ладам у сем’ях, адным словам, усім, што адбываецца ў вёсцы, даводзіцца старэйшыне. Таму і заняць такую клапатлівую і важную пасаду прапануюць толькі тым, хто ўмее бачыць далей за свой двор, жыве праблемамі людзей і ад усяго сэрца стараецца ім дапамагчы. З такіх і старэйшына вёскі Карасіна Таццяна Зянкова.
Нарадзілася жанчына не на Браслаўшчыне і нават не ў Беларусі, а ў далёкім ад нашых мясцін Казахстане. Там прайшло яе дзяцінства, школьнае жыццё, але менавіта наш раён стаў пазней для Таццяны Цімірбаеўны родным.
Калі дзяўчына была ў апошнім класе школы, яе сям’я вярнулася ў Беларусь, на радзіму маці. На Браслаўшчыну ж Таццяна Зянкова прыехала па размеркаванні, атрымаўшы прафесію закройшчыцы. Пэўны час працавала па спецыяльнасці, але з-за незапатрабаванасці такіх спецыялістаў давялося мяняць месца работы. Уладкавалася ў калгас, дзе займала розныя пасады, але на кожнай праявіла сябе як адказная і працавітая работніца.
Пазней Таццяне Цімірбаеўне прапанавалі пасаду інспектара па кадрах, якую яна і зараз займае ў ААТ “Мяжаны”. У гэтай сціплай і ветлівай жанчыны заўсёды справы ў парадку, выканана ўсё належным чынам. Паважаюць яе і калегі, і кіраўніцтва. І хоць Таццяна Зянкова ўжо на пенсіі, не хочуць яе адпускаць, бо ведаюць, што лепш са справамі ніхто не ўправіцца.
Жыццё чалавека ў вёсцы заўсёды ва ўсіх на вачах. Таццяну Цімірбаеўну вяскоўцы ведаюць як добрага спецыяліста на рабоце і выдатную гаспадыню дома. Таму, калі трэба было выбіраць адказнага чалавека на грамадскую пасаду старэйшыны, на сходзе вяскоўцы адзінагалосна прагаласавалі за Таццяну Зянкову.
– Калі столькі людзей табе давяраюць, то адмовіцца ніяк нельга, — заўважае мая субяседніца. – Так я стала старэйшынай, і вось ужо 4 гады на гэтай клапатлівай пасадзе. За гэты час упэўнілася, што невялікіх праблем у жыцці людзей няма. Трэба кожнага выслухаць, а потым у меру сваіх магчымасцей дапамагчы. А бывае, што дастаткова і проста паразмаўляць з чалавекам.
У вёсцы Карасіна жыве больш за 100 чалавек, а яшчэ Таццяна Цімірбаеўна прыглядвае за бліжнімі невялічкімі населенымі пунктамі. З рознымі справамі звяртаюцца людзі да свайго старэйшыны. Адным трэба дакументы ў сельсавет перадаць, другім дапамагчы з асвятленнем ці водазабеспячэннем, трэцім проста адказаць на пытанні. Таму за 4 гады старэйшынства жанчына падтрымала не аднаго чалавека, за што і заваявала аўтарытэт вяскоўцаў сапраўднымі справамі.
Бядуе старэйшына, што сапраўднай бядой для вёскі, якую пакуль ніяк не рашыць, з’яўляюцца дзікі, што шкодзяць у агародах. Колькі раз вяскоўцы звярталіся да яе з пытаннем, што рабіць. Вось і нядаўна прыйшла сям’я пенсіянераў, якія з-за дзікоў страцілі ўраджай. І зноў са слязамі на вачах прасілі дапамагчы.
Яшчэ адным клопатам старэйшыны з’яўляюцца нядобранадзейныя сем’і. Часта даводзіцца заходзіць да іх у госці, каб паглядзець, ці ўсё ў парадку, ці дагледжаны дзеці, нагадаць, каб прыбралі вакол дома. І, трэба зазначыць, яны выконваюць патрабаванні старэйшыны.
Пералік усіх тых добрых спраў, што робіць гэта жанчына, можа заняць не адну старонку ў газеце. Хваліцца яна не любіць, бо робіць сваю справу не дзеля пахвалы ці ўзнагароды, а каб было добра людзям.
Таццяна Цімірбаеўна паспявае і на рабоце, і людзям дапамагчы, і дома ўсё зрабіць, а ў яе немалая гаспадарка. Калі ж выдаецца вольная хвілінка, жанчына з задавальненнем бярэцца за любімую справу – шыццё і вышыванне.

Таццяна Пятушка.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *